Кардынал Марыё Грэк падчас выступлення на Сінодзе. Архіўнае фота Кардынал Марыё Грэк падчас выступлення на Сінодзе. Архіўнае фота  (ANSA)

Адкрыццё Сінода: ад структурных змен да духоўнага абнаўлення

Кардынал Марыё Грэк адкрыў 2 кастрычніка 2024 года Другую сесію Сінода Біскупаў, падкрэсліўшы яго ролю як школы распазнавання і заклікаўшы да еднасці і міру ў свеце. Ён акцэнтаваў увагу на важнасці сінадальнасці як стылю і метаду Касцёла.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Генеральны сакратар Сінода, выступіў з прывітальным словам, у якім акрэсліў галоўныя тэмы і выклікі, што стаяць перад удзельнікамі.

Іерарх падкрэсліў, што Сінод з'яўляецца прыкладам для ўсяго грамадства ў пошуку ісціны і агульнага дабра праз узаемнае слуханне. Ён адзначыў, што Касцёл сінадальны можа стаць прапановай для сучаснага грамадства, дзе распазнаванне з'яўляецца плёнам сталага ажыццяўлення сінадальнасці як стылю і метаду.

“Сінод – гэта па сутнасці школа распазнавання: Касцёл, сабраны разам з Пятром, каб разам распазнаваць. Касцельнае распазнаванне можа быць выклікам і прыкладам для любога тыпу сходу”

Кардынал нагадаў, што галоўная мэта гэтага працэсу – не проста структурныя змены ў Касцёле, а сапраўдная рэформа, якая павінна адбывацца пад кіраўніцтвам Духа Святога. Ён падкрэсліў важнасць прыярытэту Духа Святога ў працы Сінода, без якога мэта была б толькі адміністрацыйнай, юрыдычнай ці палітычнай, а не касцельнай.

Кардынал Грэк таксама закрануў тэму войнаў і канфліктаў у свеце, заклікаўшы да малітвы і працы на карысць міру. Ён выказаў салідарнасць з удзельнікамі Сінода, якія прыбылі з зон ваенных дзеянняў або краін, дзе парушаюцца асноўныя свабоды.

“Мы салідарныя з сёстрамі і братамі, прысутнымі ў зале, якія паходзяць з зон вайны або з краін, дзе парушаюцца асноўныя свабоды народаў. Праз іх голас мы можам пачуць крык і плач тых, хто пакутуе пад бомбамі, асабліва дзяцей, якія дыхаюць гэтай атмасферай нянавісці”

Галоўны арганізатар сходу падкрэсліў важнасць працэсу сінадальнасці, які ўключае ў сябе ўсе ўзроўні Касцёла. Ён адзначыў, што гэты працэс пачынаецца з кансультацый з Божым народам у мясцовых Касцёлах, працягваецца праз распазнаванне пастырамі ў біскупскіх канферэнцыях і кантынентальных асамблеях, і завяршаецца двума сесіямі Асамблеі вакол Святога Айца.

Асаблівую ўвагу кардынал Грэк надаў ролі біскупа ў Касцёле сінадальным, адзначыўшы, што ўзровень сінадальнасці Касцёла ў значнай ступені залежыць ад узроўню сінадальнасці біскупа. Ён нагадаў, што галоўная задача іерархаў – быць настаўнікамі і гарантамі касцельнага распазнавання.

У заключэнне іерарх падкрэсліў, што працэс Сінода не завяршаецца толькі фінальным дакументам, але павінен весці да канкрэтнага жыцця Касцёла, які жыве Евангеллем і крочыць разам у сіле Духа да рэалізацыі Валадарства.

Выступ кардынала Грэка задаў тон для далейшай працы Сінода, падкрэсліўшы неабходнасць узаемнага слухання, адкрытасці да дзеяння Духа Святога і імкнення да еднасці ў Касцёле і свеце.

Другая сесія Сінода Біскупаў працягнецца да 29 кастрычніка 2024 года і стане важным этапам у жыцці Каталіцкага Касцёла, вызначаючы яго шлях да больш сінадальнай будучыні.
 

02 кастрычніка 2024, 17:21