Кардынал Шонбарн: Сінод сёлета значна больш сінадальны
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Арцыбіскуп Вены падзяліўся сваімі ўражаннямі ад другога тыдня працы Асамблеі. У відэа, апублікаваным Венскай архідыяцэзіяй, ён выказаў задаволенасць ходам падзеі і адзначыў яе павольны, але каштоўны тэмп.
Паводле Шонбарна, зараз не час для "нейкіх відовішчных рэформ". Замест гэтага, галоўная ўвага надаецца ўзаемнаму слуханню і "сумеснаму прыслухоўванню да таго, куды вядзе нас Бог у гэтым свеце, які так драматычна змяняецца". Гэта, на яго думку, з'яўляецца асноўным клопатам Папы Францішка. Кардынал ахарактарызаваў Сінод як "школу цярплівасці".
"Я ўспрымаю гэты другі этап Сінода як ужо значна больш сінадальны, чым першы," - паведаміў Шонбарн. Ён падкрэсліў, што "запаволенне" Сіноду, якое ён назірае, з'яўляецца каштоўным, бо працэс, які пры гэтым адбываецца, патрабуе часу.
Шонбарн звярнуў увагу на змяшчэнне акцэнтаў падчас Сінода. Аналіз спісаў выступоўцаў паказвае, што пераважная большасць біскупаў, свецкіх асоб і манахаў, якія бяруць слова, прадстаўляюць глабальны Поўдзень. "Еўропа мала выказваецца", - адзначыў ён.
Часткова гэта звязана з тым, што праблемы ў краінах глабальнага Поўдня больш вострыя: беднасць, голад, войны і пераслед часта згадваюцца ў выступах гэтых дзён. "Хрысціяне глабальнага Поўдня перажываюць цяжкія часы", - падкрэсліў кардынал.
У той жа час, менавіта там назіраецца рост Касцёла, што было відаць і падчас нядаўняга візіту Папы Францішка ў Азію і Акіянію. Іерарх адзначыў, што каталіцызм, асабліва ў Афрыцы, "вясновы, адчуваецца, што гэтыя Касцёлы жывыя".
Арцыбіскуп Вены падкрэсліў, што Еўропа ўжо не мае аўтаматычнага прыярытэту, нягледзячы на тое, што яе краіны застаюцца заможнымі.