Пошук

Падчас перадсінадальнай пакаяннай вігіліі ў базіцы святога Пятра Падчас перадсінадальнай пакаяннай вігіліі ў базіцы святога Пятра

Касцёл прызнае памылкі: пакаянная вігілія на Сінодзе Біскупаў

Пакаянная вігілія, якая прайшла ў базіліцы святога Пятра 1 кастрычніка 2024 года, стала адным з ключавых момантаў XVI Генеральнай Асамблеі Сінода Біскупаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Сем кардыналаў, прадстаўляючы розныя аспекты жыцця Касцёла – ад экалагічных праблем да злоўжыванняў уладай – выступілі з глыбокімі і шчырымі просьбамі аб прабачэнні.

“Прашу прабачэння ў Бога Айца, адчуваючы сорам за грэх недахопу мужнасці, мужнасці, неабходнай для пошуку міру паміж народамі і нацыямі”

Кардынал Освальд Грасіяс, арцыбіскуп Бамбея, пачаў з просьбы аб прабачэнні за недахоп мужнасці ў пошуках міру і прызнанні годнасці кожнага чалавечага жыцця. Ён падкрэсліў важнасць гарантавання права на працу, зямлю, жытло і сям'ю для кожнага чалавека.

Кардынал Майкл Чэрны, прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, звярнуў увагу на экалагічныя праблемы і несправядлівасць у адносінах да карэнных народаў. У сваім пакаянным слове ён таксама закрануў пытанне міграцыі, нагадваючы, што "каштоўнасць чалавека заўсёды вышэй за межы".

“Колькі сораму і болю я адчуваю, разважаючы асабліва пра сексуальныя злоўжыванні, учыненыя ў дачыненні да непаўналетніх і ўразлівых асоб”

Кардынал Шон Патрык О'Мэлі, арцыбіскуп-эмерыт Бостанскі, выказаў глыбокае пакаянне за злоўжыванні ўладай і сексуальныя злоўжыванні, асабліва ў дачыненні да непаўналетніх і ўразлівых асоб. Ён падкрэсліў, што гэтыя дзеянні "скралі нявіннасць і апаганілі святасць слабых і безабаронных".

Кардынал Кевін Джозэф Фарэл, прэфект Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям'і і жыцця, гаварыў пра годнасць жанчын, праблемы сям'і і моладзі. Ён таксама прасіў прабачэння за выпадкі, калі Касцёл аддаваў перавагу помсце, а не пошуку справядлівасці.

“Прашу прабачэння, адчуваючы сорам, за ўсе выпадкі, калі мы давалі дактрынальнае апраўданне бесчалавечнаму абыходжанню”

Кардынал Віктар Мануэль Фернандэс, прэфект Дыкастэрыі веравучэння, засяродзіўся на дактрыне і яе інтэрпрэтацыі. Ён прасіў прабачэння за выпадкі, калі Касцёл не быў здольны захаваць і прапанаваць Евангелле як жывую крыніцу вечнай навізны.

Кардынал Крыстабаль Лопес Рамера, арцыбіскуп Рабата, звярнуў увагу на недахоп увагі да бедных і празмерную раскошу ў Касцёле. Ён таксама прасіў прабачэння за інертнасць у адказе на заклік быць "Касцёлам бедных для бедных".

“Прашу прабачэння, адчуваючы сорам, за перашкоды, якія мы ставім на шляху пабудовы сапраўды сінадальнага Касцёла”

Нарэшце, кардынал Крыстаф Шонборн, арцыбіскуп Венскі, закрануў тэму сінадальнасці. Ён прасіў прабачэння за перашкоды на шляху пабудовы сапраўды сінадальнага Касцёла і за выпадкі, калі ўлада ператваралася ў моц, падаўляючы разнастайнасць і ўдзел многіх братоў і сясцёр у духоўнай місіі.

Пакаянная вігілія падкрэсліла імкненне Касцёла да самарэфлексіі і абнаўлення. Яна адлюстравала дух сінадальнасці, які заклікае да большай адкрытасці, дыялогу і ўдзелу ўсіх вернікаў у жыцці Касцёла. Такая шчырасць і гатоўнасць прызнаць памылкі мінулага, паводле задумы Папы Францішка, ініцыятара набажэнства, можа стаць важным крокам на шляху да аднаўлення даверу да Касцёла і яго місіі ў сучасным свеце.
 

01 кастрычніка 2024, 11:33