Касцёл прызнае памылкі: пакаянная вігілія на Сінодзе Біскупаў
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Сем кардыналаў, прадстаўляючы розныя аспекты жыцця Касцёла – ад экалагічных праблем да злоўжыванняў уладай – выступілі з глыбокімі і шчырымі просьбамі аб прабачэнні.
Кардынал Освальд Грасіяс, арцыбіскуп Бамбея, пачаў з просьбы аб прабачэнні за недахоп мужнасці ў пошуках міру і прызнанні годнасці кожнага чалавечага жыцця. Ён падкрэсліў важнасць гарантавання права на працу, зямлю, жытло і сям'ю для кожнага чалавека.
Кардынал Майкл Чэрны, прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, звярнуў увагу на экалагічныя праблемы і несправядлівасць у адносінах да карэнных народаў. У сваім пакаянным слове ён таксама закрануў пытанне міграцыі, нагадваючы, што "каштоўнасць чалавека заўсёды вышэй за межы".
Кардынал Шон Патрык О'Мэлі, арцыбіскуп-эмерыт Бостанскі, выказаў глыбокае пакаянне за злоўжыванні ўладай і сексуальныя злоўжыванні, асабліва ў дачыненні да непаўналетніх і ўразлівых асоб. Ён падкрэсліў, што гэтыя дзеянні "скралі нявіннасць і апаганілі святасць слабых і безабаронных".
Кардынал Кевін Джозэф Фарэл, прэфект Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям'і і жыцця, гаварыў пра годнасць жанчын, праблемы сям'і і моладзі. Ён таксама прасіў прабачэння за выпадкі, калі Касцёл аддаваў перавагу помсце, а не пошуку справядлівасці.
Кардынал Віктар Мануэль Фернандэс, прэфект Дыкастэрыі веравучэння, засяродзіўся на дактрыне і яе інтэрпрэтацыі. Ён прасіў прабачэння за выпадкі, калі Касцёл не быў здольны захаваць і прапанаваць Евангелле як жывую крыніцу вечнай навізны.
Кардынал Крыстабаль Лопес Рамера, арцыбіскуп Рабата, звярнуў увагу на недахоп увагі да бедных і празмерную раскошу ў Касцёле. Ён таксама прасіў прабачэння за інертнасць у адказе на заклік быць "Касцёлам бедных для бедных".
Нарэшце, кардынал Крыстаф Шонборн, арцыбіскуп Венскі, закрануў тэму сінадальнасці. Ён прасіў прабачэння за перашкоды на шляху пабудовы сапраўды сінадальнага Касцёла і за выпадкі, калі ўлада ператваралася ў моц, падаўляючы разнастайнасць і ўдзел многіх братоў і сясцёр у духоўнай місіі.
Пакаянная вігілія падкрэсліла імкненне Касцёла да самарэфлексіі і абнаўлення. Яна адлюстравала дух сінадальнасці, які заклікае да большай адкрытасці, дыялогу і ўдзелу ўсіх вернікаў у жыцці Касцёла. Такая шчырасць і гатоўнасць прызнаць памылкі мінулага, паводле задумы Папы Францішка, ініцыятара набажэнства, можа стаць важным крокам на шляху да аднаўлення даверу да Касцёла і яго місіі ў сучасным свеце.