Амбулаторыя па прафілактыцы рака малочнай залозы Амбулаторыя па прафілактыцы рака малочнай залозы 

Ватыкан: кампанія па прафілактыцы рака ў бяздомных жанчын

Магчымасць прайсці бясплатнае медыцынскае абследаванне з мэтай прафілактыкі анкалагічных захворванняў атрымалі бяздомныя жанчыны і пацыенткі ватыканскага дыспансера святой Марты.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Перасоўная клініка ў выглядзе аўтадома размяшчаецца пад акном Апостальскага палаца, з якога Папа Францішак кожную нядзелю звяртаецца да вернікаў падчас малітвы Анёл Панскі. Штомесяц клініка прымае бяздомных жанчын і тых, кім апекваецца дыспансер святой Марты. Ініцыятыву італьянскай арганізацыі Komen падтрымліваюць Апостальская элемазінарыя і Універсітэцкая клініка імя Агасціна Джэмэлі.

У клініцы на колах можна прайсці мамаграфію – рэнтгеналагічнае абследаванне малочных залоз. За час ажыццяўлення праекта ўжо было абследавана каля ста жанчын розных узростаў і нацыянальнасцей. Ранняя дыягностыка з’яўляецца асноўным сродкам барацьбы з анкалагічнымі хваробамі. Для жанчын, якія апынуліся без даху над галавой, такое абследаванне можа выратаваць жыццё. У выпадку выяўлення захворвання, жанчыны маюць магчымасць прайсці тэрапію ў шпіталі імя Джэмэлі.

Ініцыятыва па прафілактыцы рака з’яўляецца часткай шырокай праграмы дапамогі бедным, якую ажыццяўляе Францішак. Ад яго імя дабрачыннай дзейнасцю займаецца Дыкастэрыя па міласэрным служэнні, якую ўзначальвае кардынал Конрад Краеўскі. Непадалёк ад плошчы Святога Пятра дзейнічае прытулак для бяздомных, сталоўка, душавыя кабіны і цырульнік для бяздомных людзей. “Папа ніколі не забывае пра бедных”, - нагадаў кардынал Краеўскі.

30 кастрычніка 2024, 12:42