Рэстаўрацыя балдахіна ў базіліцы святога Пятра: прэс-тур
Марыя Валодзіна - Vatican News
Прэс-тур адбудзецца 8 кастрычніка 2024 года. Пачатак у 9.30 гадзін у Зале Капітула.
Удзельнікі атрымаюць унікальную магчымасць агледзець выбітны твор архітэктара Джавані Ларэнца Берніні з 20-метровай вышыні і азнаёміцца з завершанымі рэстаўрацыйнымі работамі. Будзе прадстаўлена падрабязная інфармацыя пра рэстаўрацыю і абвешчана дата адкрыцця балдахіна. На сустрэчы будуць прысутнічаць эксперты: кіраўнік тэхнічнага аддзела Фабрыкі святога Пятра, інжынер Альберта Капітанучы, і дырэктар па камунікацыі папскай базілікі, айцец Энца Фартуната.
Рэстаўрацыя балдахіна мае выключнае сімвалічнае значэнне, таму што ён узвышаецца над галоўным алтаром і магілай апостала Пятра. Яна набывае асаблівую важнасць у святле набліжэння Юбілейнага 2025 года.
Балдахін – пазалочаны бронзавы манумент, створаны Берніні на заказ Папы Урбана VIII у перыяд 1624-1635 гадоў. Яго вышыня складае амаль 29 метраў. Помнік узвышаецца на чатырох вітых калонах. Іх выгляд нагадвае мармуровыя калоны, якія месціліся каля магілы святога Пятра ў старажытнай базіліцы.
Апошняя рэстаўрацыя балдахіна праводзілася ў 1758 годзе і доўжылася каля трох месяцаў. Тады ў ёй удзельнічала вялікая група рабочых і майстроў: каля 60 чалавек у дзень.
Атрымаць анлайн-акрэдытацыю на прэс-тур можна па адрасе: press.vatican.va/accreditamenti