Кардынал Паралін уручыў Прэмію Ратцынгера за 2024 год
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Цырымонія ўручэння прэстыжнай узнагароды прайшла 22 лістапада 2024 года ў Sala Regia Апостальскага палаца. Лаўрэатамі сталі ірландскі тэолаг Сірыл О'Рэган і японскі скульптар Эцура Сота.
"У цёмныя часы, праз якія мы праходзім, Бэнэдыкт XVI з'яўляецца настаўнікам, які дапамагае нам узняць позірк і знайсці трывалы падмурак, каб працягваць глядзець у будучыню, у кірунку еднасці, праўды, прыгажосці і любові", - падкрэсліў Дзяржсакратар Яго Святасці ў сваім выступе.
Іерарх адзначыў "сугучнасць" абодвух лаўрэатаў з думкай і духоўнай спадчынай Ёзэфа Ратцынгера, які, кіруючыся сваім біскупскім дэвізам Cooperatores Veritatis, прысвяціў сваё жыццё "надаванню бляску праўдзе ва ўсіх яе формах: праз інтэлект, даследаванні і навучанне, праз геній і намаганні мастацкага выяўлення, праз сведчанне сваёй чалавечага і касцельнага служэння".
Старшыня Ватыканскага фонду Ёзэфа Ратцынгера-Бэнэдыкта XVI, ксёндз Федэрыка Ламбардзі падкрэсліў, што з двума новымі лаўрэатамі сусветная супольнасць узнагароджаных пашырылася да прадстаўнікоў 18 краін. Ён таксама адзначыў, што ў розных краінах і на розных кантынентах з'яўляюцца новыя культурныя і акадэмічныя ініцыятывы, звязаныя з асобай і думкай Бэнэдыкта XVI.