Кампанія па збору сродкаў Bambino Gesù Кампанія па збору сродкаў Bambino Gesù 

Дабрачынная акцыя Bambino Gesù: калядны падарунак сем'ям хворых

Ватыканскі педыятрычны шпіталь Bambino Gesù распачаў дабрачынную ініцыятыву па збору сродкаў, неабходных для забеспячэння бясплатнага жылля для сем’яў хворых дзяцей.

Марыя Валодзіна - Vatican News

28 лістапада 2024 года стартуе калядная кампанія па збору сродкаў на карысць маленькіх пацыентаў дзіцячай клінікі Bambino Gesù. Ініцыятыва пройдзе пад дэвізам Для тых, хто святкуе Каляды ў шпіталі, сапраўдны падарунак – гэта ты.

Штогод шпіталь забяспечвае каля 140 000 бясплатных месцаў для начлегу амаль 3 000 сем'ям. Гэтыя дамы становяцца сапраўдным прытулкам для маленькіх пацыентаў і іх блізкіх, дапамагаючы нават у цяжкія моманты адчуць хатнюю цеплыню і ўтульнасць. Кожны жэст салідарнасці становіцца сапраўдным падарункам для дзяцей і іх сем'яў, асабліва на свята Божага Нараджэння, калі шчодрасць і падтрымка нясуць з сабой радасць і надзею.

Сёлета тварам кампаніі па збору сродкаў стала маці дзіцяці, якое правяло ў шпіталі значную частку свайго жыцця, у тым ліку і першыя Каляды. Нягледзячы ні на што, у бальніцы, як у адной вялікай сям'і, рыхтуюцца да ўрачыстасці: запальваюць агні, упрыгожваюць ялінку, ствараюць атмасферу цяпла і свята. Тыя, хто падтрымаюць шпіталь, атрымаюць сімвалічны падарунак – папяровага анёла, створанага пацыенткай Джояй. Яго можна будзе павесіць на калядную ялінку, як гэта робяць дзеці ў шпіталі.

Кіраўнік лячэбнай установы Тыцыана Анэсці заклікаў усіх, хто падзяляе каштоўнасці салідарнасці і дапамогі, стаць часткай гэтай важнай ініцыятывы. "Нават калі вы самі не сутыкаліся з хваробай блізкага чалавека, вы можаце стаць самым каштоўным падарункам для нашых дзяцей і іх сем'яў", - сказаў ён.

Зрабіць ахвяраванне можна на сайце шпіталя.

29 лістапада 2024, 12:39