У Ватыкане выйдзе зборнік інтэрв’ю з Бэнэдыктам XVI
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Новае выданне У дыялогу са сваім часам складаецца з трох тамоў і ўключае шматлікія інтэрв'ю, якія Ратцынгер даваў у якасці прафесара, арцыбіскупа Мюнхенска-Фрайзінгскага і прэфекта Кангрэгацыі веравучэння.
Асаблівую цікавасць выклікае трэці том, дзе змешчаны раней не публікаваныя інтэрв'ю, сярод якіх першая гутарка Ратцынгера з прэсай у 1969 годзе для Kleine Zeitung і апошняе інтэрв'ю для нямецкага штотыднёвіка Die Tagespost у 2003 годзе. У гэтых тэкстах раскрываецца глыбокае бачанне будучага Папы пытанняў веры, грамадства і становішча Касцёла.
Прэзентацыя кнігі адбудзецца 21 лістапада ва Універсітэце LUMSA ў Рыме. У ёй возьмуць удзел арцыбіскуп Георг Генсвайн, былы асабісты сакратар Бэнэдыкта XVI, а цяпер апостальскі нунцый у краінах Балтыі, вядомы ватыканіст Джан Гвіда Векі, кіраўнік Ватыканскага выдавецтва Ларэнца Фацыні і айцец Федэрыка Ламбардзі, старшыня Ватыканскага фонду Ёзэфа Ратцынгера-Бэнэдыкта XVI.