Кардынал П'етра Паралін на канферэнцыі ў Папскім Грыгарыянскім універсітэце Кардынал П'етра Паралін на канферэнцыі ў Папскім Грыгарыянскім універсітэце 

Дзяржсакратар: вырашэнне глабальных праблем патрабуе ўдзелу ўсіх

Пераадолець крызіс шматбаковай дыпламатыі і адкрыць важнасць узаемнага даверу, каб працаваць на карысць агульных інтарэсаў, - заклікаў Кардынал-Дзяржсакратар П’етра Паралін.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

25 лістапада 2024 года бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца прыняў удзел у канферэнцыі ў Папскім Грыгарыянскім універсітэце на тэму Папскае пасрэдніцтва як механізм умацавання міру: 40 гадоў аргенцінска-чылійскага дагавора аб міры і сяброўстве.

Форум быў арганізаваны ў супрацоўніцтве з пасольствамі Чылі і Аргенціны пры Святым Пасадзе з мэтай асэнсавання поспехаў і доўгатэрміновых наступстваў пасрэдніцкай дзейнасці Яна Паўла ІІ у перыяд напружанасці паміж гэтымі паўднёваамерыканскімі краінамі. У сустрэчы бралі ўдзел шматлікія міжнародныя эксперты, у тым ліку прадстаўнікі чылійскай, аргенцінскай і ватыканскай дыпламатыі.

Кардынал Паралін у сваёй прамове вылучыў тры важныя аспекты ўрэгулявання канфліктаў: падтрымка дыялогу, ажыццяўленне шматбаковых дзеянняў і пошук інструментаў, якія садзейнічаюць дасягненню міра.

У сувязі з 40-годдзем падпісання Дагавора аб міры і сяброўстве паміж Аргенцінай і Чылі іерарх падкрэсліў, што гаворка ідзе не проста пра святкаванне гістарычнай падзеі, але пра важнасць праецыравання ўрокаў падпісання гэтай дамовы на сучаснасць і будучыню. “Сучасны ўрок гэтай падзеі заключаецца ў тым, што яна дапамагла Аргенціне і Чылі пазбегнуць вайны і ўсталяваць партнёрскія адносіны”, - сказаў Дзяржсакратар, дадаючы, што “сёння гэта прыклад для вырашэння канфліктаў, асабліва ў нашым свеце, дзе іх становіцца ўсё больш”.

Яшчэ адным аспектам, на які звярнуў увагу кардынал Паралін, быў крызіс шматбаковай дыпламатыі. “Сёння шматбаковасць знаходзіцца ў крызісе, бо, як сказаў Папа Францішак, людзі, дзяржавы лічаць сябе супернікамі, аж да таго, што становяцца ворагамі. Мы павінны пераадолець гэтыя адносіны і зноў адкрыць для сябе ўзаемны давер і працаваць разам дзеля агульных інтарэсаў. Сёння так шмат глабальных праблем, якія патрабуюць глабальных рашэнняў, а калі няма даверу і супрацоўніцтва, калі няма шматбаковасці, гэта значыць, калі няма ўсеагульнага ўдзелу, то знайсці рашэнне будзе немагчыма,” - адзначыў Кардынал-Дзяржсакратар.
 

26 лістапада 2024, 13:17