Арцыбіскуп Галахер: братэрства – адзіны шлях міру і справядлівасці
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі прыняў удзел у канферэнцыі Міжнароднай асацыяцыі місіянераў палітычнай любові (Associazione internazionale Missionari della carità politica), якая прайшла 5 лістапада 2024 года ў Рыме.
У імя Бога і чалавецтва магчыма здзейсніць пазітыўныя змены
Форум быў прысвечаны тэме збліжэння паміж Усходам і Захадам на падставе дыялогу культур. Натхненнем для яго паслужыў Дакумент аб агульначалавечым братэрстве, які Папа Францішак і Вялікі імам Аль-Азхар Ахмед Эль-Таеб падпісалі 4 лютага 2019 года ў Абу-Дабі. Гэта дэкларацыя сёння як ніколі з’яўляецца “заклікам да салідарнасці паміж людзьмі” і заахвочваннем для палітычных лідараў “спыніць праліццё нявіннай крыві, з перакананасцю ў тым, што у імя Бога і чалавецтва магчыма здзейсніць пазітыўныя змены”, - адзначыў прадстаўнік Папы.
Моцная тоеснасць дазваляе весці дыялог без страху
Іерарх нагадаў пра важнасць будавання мастоў узаемаразумення і супрацоўніцтва, а таксама і захавання моцных культурных і рэлігійных каранёў, што дапамагае “без страху сустракацца і весці дыялог з іншымі”, каб атрымліваць магчымасць “для ўзаемнага духоўнага ўзбагачэння і асабістага росту”. Моцная тоенасць “не баіцца адкрытасці на іншага, не замыкаецца ў цвёрдых схемах і не сілкуецца самасцвярджэннем”, якое часта выліваецца ва ўспрыняцце бліжняга як ворага ці пагрозы, - сказаў арцыбіскуп Галахер.
Ад кожнага можна нечаму навучыцца
Ватыканскі дыпламат адзначыў таксама патрэбу ў глыбокім, а не павярхоўным веданні іншага, што дазваляе будаваць сапраўдныя і трывалыя адносіны і бачыць адметнасці як багацце, “адкідаючы забабоны, якія абмяжоўваюць нашу здольнасць жыць у міры”. Неад’емным таксама з’яўляецца глыбокае веданне не толькі ўласных каранёў, але таксама іншых культур і рэлігій, “з перакананасцю ў тым, што ад кожнага можна нечаму навучыцца”.
Рэлігіі не павінны ператварацца ў ідэалогіі
Сакратар па адносінах з дзяржавамі падкрэсліў важнасць непрыняцця “культуры адчужэння” і навязвання ярлыкоў. Замест гэтага трэба развіваць міжчалавечыя адносіны, пазначаныя спагадай і ўзаемным клопатам, якіх моцна патрабуе сучаснае грамадства. Іерарх нагадаў, што Касцёл заклікае будаваць масты камунікацыі і разумення, а не муры і бар’еры. Акрамя таго, на па словах іерарха, рэлігіі павінны заставацца “шляхамі міласэрнасці” і быць уважлівымі, каб не ператварыцца ў ідэалогіі.