Арцыбіскуп Галахер: дыпламатыя Святога Пасада – знак надзеі для свету
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі здзяйсняе візіт у Польшчу, у рамках якога наведаў Люблінскі каталіцкі ўніверсітэт – адзін з галоўных касцёльных інтэлектуальных асяродкаў у гэтай краіне.
Прадстаўнік Папы прачытаў груноўную лекцыю на тэму Дыпламатыя Святога Пасаду ў сучасным свеце, у якой прадставіў шырокую панараму дыпламатычнай дзейнасці Апостальскай Сталіцы, якая падтрымлівае адносіны з 184 краінамі свету і актыўна ўзаемадзейнічае са структурамі глабальнага кіравання.
Дыпламатыя міласэрнасці
Арцыбіскуп нагадаў пра дзесяцігоддзі навядзення мастоў, дыялогу і цярплівага падыходу, які паказаў сваю эфектыўнасць у развязванні, здавалася б, непераадольных канфліктаў і фармаванні прыкмет добрай волі паміж варагуючымі бакамі.
Па сутнасці гэта “дыпламатыя міласэрнасці” выяўляе сабой сапраўдную прыхільнасць салідарнасці і агульнаму дабру, якая рэалізуецца ў заахвочванні да канкрэтных дзеянняў, напрыклад такіх як спісанне знешняга доўга бедных краін, прасоўванне палітыкі супрацоўніцтва і развіцця, а таксама абарона чалавечай годнасці, нават перад абліччам такой жорсткай несправядлівасці, як смяротнае пакаранне, - сказаў ён.
Папа – першы ватыканскі дыпламат
Іерарх заўважыў, што “першым дыпламатам” Святога Пасаду з’яўляецца сам Папа, словы якога натхняюць усю дыпламатычную дзейнасць Апостальскай Сталіцы. “Папа нястомна карыстаецца сваім маральным аўтарытэтам”, каб супрацьстаяць несправядлівасці і перасцерагаць ад небяспечных дзеянняў, якія ставяць пад пагрозу наш свет і яго будучыню, - зазначыў Сакратар па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі.
Непублічная дзейнасць і прыярытэт гуманітарных пытанняў
Арцыбіскуп Галахер адзначыў, што Святы Пасад здзяйсняе непублічныя намаганні па ўрэгулявання канфліктаў у розных частках свету: ва Украіне, на Блізкім Усходзе, у Афрыцы і на Каўказе. Апостальская Сталіца не шукае ўласнай карысці, а “ўмешваецца, каб падтрымаць ідэю міра, як выніку справядлівых адносін, павагі да міжнародных норм і абароны асноўных правоў чалавека”. Святы Пасад таксама дзейнічае па гуманітарных прычынах, падтрымліваючы сацыяльнае адраджэнне часта забытых рэгіёнаў, спрыяючы ўз’яднанню сем’яў, а таксама абмену палоннымі і вяртанню цел загінуўшых вайскоўцаў паміж Расіяй і Украінай.
Абарона чалавечага жыцця і рэлігійнай свабоды
Дыпламатыя Святога Пасаду прыкладае намаганні па спрыянні раззбраенню, абароне грамадзянскага насельніцтва падчас канфліктаў, а таксама права на жыццё і недатыкальнасць кожнага чалавека. Абараняючы гэтыя правы Апостальская Сталіца падтрымлівае маральны “стандарт і выклікае важныя глабальныя дыскусіі”, - сказаў іерарх.
Прыярытэтным напрамкам дзейнасці папскіх дыпламатаў арцыбіскуп Галахер назваў таксама абарону рэлігійнай свабоды і супрацьстаянне выкарыстанню рэлігіі ў палітычных мэтай. Святы Пасад пастаянна падкрэслівае “грамадскае вымярэнне рэлігійнай свабоды, паважаючы пры гэтым законную аўтаномію свецкай дзяржавы” і падтрымліваючы здаровы дыялог паміж дзяржавай і рэлігійным супольнасцямі як партнёраў, а не сапернікаў.
Інтэгральная экалогія
Іншыя важныя сферы для дыпламатыі Святога Пасаду: клопат пра навакольнае асяроддзе, супрацьстаянне культуры адчужэння, якая “цэніць чалавека толькі па яго карыснасці”. Апостальская Сталіца заклапочана этычнымі наступствамі пашырэння выкарыстання штучнага інтэлекту, а таксама міграцыйным крызісам, які закранае каля 120 мільёнаў чалавек, якія пакінулі свае дамы ў выніку войнаў, канфліктаў і галечы. Намаганні ватыканскіх дыпламатаў скіраваны таксама на спрыянне справядлівай эканамічнай палітыцы, выкаранненю беднасці і прасоўванню агульначалавечага братэрства як проціяддзя супраць “глабалізацыі абыякавасці”.
Знак надзеі для свету
Арцыбіскуп Галахер нагадаў, што Святы Пасад глыбока адданы справе выкаранення такога “таксічнага зла” як гандаль людзьмі, заклікаючы да ліквідацыі асноўных прычын гэтага феномену, такіх як крайняя галеча, карупцыя, несправядлівасць і эканамічнае адчужэнне.
У кантэксце “фрагментарнай трэцяй сусветнай вайны” Апостальская Сталіца імкнецца “быць знакамі надзеі”, служачы праз сваю дыпламатыю агульнаму дабру і выступаючы ў якасці голасу, які выражае агульнае імкненне да стабільнасці, бяспекі і міру.
Важнасць канкардатаў
Папскі дыпламат падрабязна засяродзіўся на двухбаковай дыпламатыі Святога Пасаду з рознымі краінамі праз канкардаты і пагадненні, якія ён назваў “фундаментальнымі, з аднаго боку, для абароны мясцовага Касцёла ад усякага неправамернага ўмяшання дзяржавы ў касцёльныя справы, а з іншага, для ўзаемадзеяння з дзяржавамі па пытаннях, якія ўяўляюць агульную цікавасць, з мэтай забеспячэння супрацоўніцтва ў сацыяльнай і рэлігійнай сферах”.
Сіла этычнага лідарства
З таго часу, як у 1949 годзе Апостальская Сталіца стала пастаянным назіральнікам пры ФАО, яна няўхільна нарошчвае сваё ўзаемадзеянне з міжнароднай супольнасцю, уносячы свой уклад у дзейнасць шматлікіх міжнародных арганізацый. Такі ўдзел дазваляе Апостальскай Сталіцы “дзейнічаць у першую чаргу як сіла этычнага лідарства” з “незалежнасцю ад палітычных альянсаў і блокаў”, спрыяючы супрацоўніцтву і дыялогу. Такім чынам, як адзначыў Галахер, Апостальская Сталіца можа служыць “надзейным пасярэднікам, які мае першараднае значэнне ў вырашэнні канфліктаў і развіцці дыялогу па глабальных пытаннях”, наводзячы масты там, дзе іншыя бачаць толькі непераадольныя рознагалоссі.