Кардынал Клаўдыё Гуджэроці Кардынал Клаўдыё Гуджэроці 

Кардынал Гуджэроці: ліванскае суіснаванне – паранены ідэал

Неабходна захаваць ліванскі “паранены ідэал”, каб не ўпасці ў гвалтоўную фрагментацыю, ад якой пакутуе ўвесь свет, - падкрэсліў прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Кардынал Клаўдыё Гуджэроці прыняў удзел у прэзентацыі кнігі Рэха крызісу ў Ліване. Канфлікт ці суіснаванне? (Echoes of the Lebanon crisis. Conflict or coexistence?), якая адбылася ў Папскім Грыгарыянскім універсітэце. Гэта навучальная ўстанова дала старт даследчаму праекту па вывучэнні ліванскага крызісу, што павінна дапамагчы ў інтэрпрэтацыі іншых падобных сітуацый, дзе групы рознага веравызнання пакліканы да мірнага суіснавання ў рамках адной дзяржавы.

Ліванскі досвед суіснавання розных народаў сёння з’яўляецца “параненым ідэалам, які ўжо пры нараджэнні быў кволым, але прыцягальным, і мы павінны захаваць яго, каб не ўпасці ў гвалтоўную фрагментацыю, ад якой пакутуе ўвесь свет”, - падкрэсліў у сваім звароце прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў.

Кардынал Гуджэроці адзначыў каштоўнасць выдання, якое “вучыць студэнтаў таму, што мір – складаны, а суіснаванне складаецца з нюансаў, якія нельга выпускаць з поля зроку, бо ад іх залежыць выжыванне такой рэальнасці, як сучасны Ліван”.

Іерарх згадаў пра ліванскі досвед “суіснавання народаў і разнастайнасці хрысціянскіх Цэркваў”, многія з якіх знайшлі знешні “цэнтр прыцягнення” ў еднасці з Рымам. “Ліванскі цуд”, выразіўся таксама ў матэрыяльным дабрабыце, ператварыўшы краіну ў “Швейцарыю Усходу”, перш чым, яна пагрузілася ў цяперашні эканамічны крызіс, - сказаў ён.

Прэфект акрэсліў некаторыя асноватворныя фактары, якія паўплывалі на ўзнікненне “ліванскага ідэалу” – унікальнай мадэлі палітычнага суіснавання, дзе хрысціянская супольнасць з’яўляецца меншасцю. Ён адзначыў важную ролю посткаланіяльнай Францыі ў фарміраванні гэтага палітычнага ладу, а таксама згадаў пра сістэму “мілетаў”, якая існавала ў Асманскай імперыі і прадугледжвала пэўную аўтаномію для рэлігійных груп. У ліванскай мадэлі гэтыя групы не толькі мелі права на самакіраванне, але і ўдзельнічалі ў кіраванні краінай.

Кардынал Гуджэроці звярнуў увагу на асаблівасці хрысціянства ў Ліване і яго адносіны з арабскай культурай і тоеснасцю. Ён нагадаў, што ў Ліване існуюць хрысціянскія супольнасці розных традыцый, якія спачатку не былі арабскімі і не мелі мясцовых каранёў, напрыклад, асіра-халдзейская традыцыя. З цягам часу гэтыя супольнасці адаптаваліся і ўключылі арабскія элементы ў сваю самасвядомасць. Патрыярхі сталі карыстацца арабскай мовай, а хрысціянскія меншасці пачалі разумець, што важна быць часткай рэгіёна, у якім пражываюць, і ўспрымацца як яго складнік, а не нешта вонкавае.
 

12 лістапада 2024, 09:45