Кардынал Мендонса: нам патрэбны паэты, якія вернуць надзею
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Прэфект Дыкастэрыі па культуры і адукацыі ў інтэрв’ю Vatican News пракаментаваў міжнародную паэтычную сустрэчу У імя Гімна, якая адбудзецца з 2 па 4 снежня 2024 года ў Рыме з нагоды 800-годдзя знакамітага твора святога Францішка Асізскага Гімн Стварэння. У форуме прымуць удзел каля дваццаці паэтаў з розных краін свету.
Кардынал Мэндонса нагадаў, што сувязь Касцёла і паэтаў мае глыбокія гістарычныя карані. "Сёлета мы святкуем 800-годдзе Гімна Стварэння, які, як мы ведаем, сыграў важную ролю ў фармаванні духоўнасці, светаўяўлення, хрысціянскага досведу, а таксама ў нашых адносінах з іншымі стварэннямі", - падкрэсліў ватыканскі іерарх.
Прэфект адзначыў, што гэты славуты твор святога Францішка спарадзіў новую адчувальнасць. "Менавіта гэтага мы чакаем ад паэтаў нашага часу: каб яны неслі зерні новага, бачылі будучыню і маглі расказваць пра яе, адкрываючы для нас новыя магчымасці", - дадаў ён.
Іерарх спаслаўся на Ліст аб ролі літаратуры, скіраваны Папам у ліпені 2024 года, у якім падкрэсліваецца здольнасць паэзіі кранаць сэрцы людзей, натхняць марамі і раскрываць крэатыўны патэнцыял.
"Нам патрэбны паэты, якія дапамогуць нам палюбіць свет, адшукаць словы надзеі, аднавіць здаровыя і ўраўнаважаныя адносіны з прыродай. Паэты — гэта запас чалавечнасці, бо сваімі словамі яны заўсёды імкнуцца ачалавечыць пачуцці і перажыванні. І гэта тое, у чым мы сёння найбольш маем патрэбу: запас чалавечнасці і бачання, якія прадстаўляюць паэты", - адзначыў кардынал.
Прэфект Дыкастэрыі па культуры і адукацыі таксама падкрэсліў важнасць укладу паэтаў ва ўмацаванне міру. У цяперашні час, калі чалавецтва зноў сутыкнулася з жахамі вайны, яны пакліканы дапамагаць людзям шукаць шлях да міру і разумець, што гэта адзінае сапраўды чалавечае рашэнне.