Кардынал Паралін: жадаем Трампу шмат мудрасці
Марыя Валодзіна - Vatican News
У кулуарах канферэнцыі, прысвечанай 75-годдзю Жэнеўскіх канвенцый, якая 7 лістапада 2024 года прайшла ў Папскім Грыгарыянскім універсітэце ў Рыме, Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы Францішка адказаў на пытанні журналістаў пра другі прэзідэнцкі мандат Дональда Трампа.
Адзінства і пераадоленне палярызацыі
"Мы жадаем яму шмат мудрасці, таму што, згодна з Бібліяй, гэта галоўная цнота для кіраўнікоў дзяржаў", - сказаў кардынал Паралін. "Я лічу, што ён павінен працаваць, перш за ўсё, каб быць прэзідэнтам усёй краіны, каб пераадолець палярызацыю, якая стала асабліва прыкметнай у апошні час", - выказаў спадзяванне Дзяржсакратар.
Завяршэнне войнаў
Дзяржсакратар спадзяецца, што новы прэзідэнт ЗША "зможа сапраўды стаць элементам разрадкі і прымірэння ў цяперашніх крывавых канфліктах па ўсім свеце".
Каментуючы неаднаразовыя заявы Трампа пра яго намер скончыць войны, кардынал Паралін сказаў: “Спадзяемся, спадзяемся, спадзяемся, але думаю, што і ў яго няма чароўнай палачкі.”
Іерарх падкрэсліў, што для заканчэння канфліктаў патрэбныя “пакорлівасць, гатоўнасць і імкненне да агульнага дабра чалавецтва, а не засяроджванне на канкрэтных інтарэсах”.
На пытанне журналіста пра занепакоенасць украінцаў і палесцінцаў тым, што "мір можа быць заключаны за іх кошт", ватыканскі дыпламат адказаў так: "Пабачым... Цяжка нешта казаць па гэтых пытаннях. Пабачым, якія прапановы ён зробіць, таму што многія з іх засталіся нявызначанымі. Напрыклад, знакамітая фраза: На наступны дзень скончыцца вайна... Але якім чынам? Ніхто не можа сказаць, і нават ён не даў канкрэтных адказаў: як? Давайце паглядзім, што ён прапануе пасля ўступлення на пасаду".
Заклік да мудрасці ў міграцыйнай палітыцы
Адной з тэм, якая выклікае занепакоенасць, з’яўляецца палітыка Трампа ў дачыненні да мігрантаў. У сваёй перадвыбарчай прамове ў Аўроры (Каларада) ён паабяцаў ужыць закон 1798 года, каб правесці масавыя дэпартацыі нелегальных мігрантаў з Лацінскай Амерыкі.
Кардынал Паралін нагадаў пра “вельмі ясную” пазіцыю Папы і Святога Пасада па пытанні міграцыі. "Мы выступаем за мудрую палітыку ў дачыненні да мігрантаў і таму не даходзім да гэтых крайнасцяў. Папа даў вельмі дакладныя, вельмі выразныя ўказанні па гэтым пытанні. Я лічу, што гэта адзіны спосаб вырашыць праблему і вырашыць яе па-чалавечы", - адзначыў Дзяржсакратар.
Абарона жыцця
Сярод важных для амерыканскага грамадства тэм, па якіх погляды Святога Пасада і адміністрацыі Трампа могуць супадаць, - пытанне абароны жыцця. "Гэта праўда, гэта адна з важных тэм”, - пацвердзіў кардынал Паралін. Аднак, на яго думку, яна патрабуе “агульнай палітыкі”, якая б змагла аб’яднаць грамадства, а не вяла да большай палярызацыі і падзелу”. Ён выказаў надзею на больш шырокі грамадскі кансэнсус па гэтым пытанні падчас прэзідэнцтва Трампа.
Адносіны паміж ЗША і Святым Пасадам
Кардынал Паралін запэўніў, што ўзаемаадносіны паміж Святым Пасадам і новай адміністрацыяй ЗША будуць працягвацца, як і раней, “як гэта ўжо было ў папярэдні тэрмін Трампа”. Нягледзячы на магчымыя адрозненні, Ватыкан і ЗША працягнуць шукаць узаемаразуменне дзеля міру і дабра. “Як заўсёды, ёсць элементы, якія збліжаюць нас, і элементы, якія адрозніваюць, дыстанцуюць нас. Будзе магчымасць весці дыялог і спрабаваць разам знайсці новыя пункты кансэнсусу на карысць агульнага дабра і міру ва ўсім свеце”, - сказаў дыпламат.
Дыялог з Кітаем
Кардынал Паралін нагадаў пра напружанасць 2020 года, калі дзяржсакратар ЗША Майк Пампеа рэзка раскрытыкаваў пагадненне паміж Святым Пасадам і Кітайскай Народнай Рэспублікай аб прызначэнні біскупаў, расцаніўшы яго як рызыку для маральнага аўтарытэту Ватыкана. "Мы, аднак, прасунуліся наперад з Кітаем, падоўжылі пагадненне яшчэ на чатыры гады", - сказаў Паралін.
"Дыялог працягваецца, невялікімі крокамі, але працягваецца, таму мы будзем прытрымлівацца гэтай лініі, нягледзячы на рэакцыю, якую ён можа выклікаць у Амерыцы"- запэўніў Дзяржсакратар, падкрэсліваючы, што для Святога Пасада галоўная мэта супрацоўніцтва з Кітаем з’яўляецца касцёльнай, а не палітычнай. У сваім дыялогу з Пекінам Ватыкан імкнецца пазбягаць палітычнай афарбоўкі. “Неабходна выйсці за рамкі палітычных канцэпцый, якія, магчыма, прысутнічаюць у ацэнках урадаў і краін", - лічыць Дзяржсакратар.