Канферэнцыя па пакутніцтву ў Папскім патрыстычным інстытуце Аўгустыніянум Канферэнцыя па пакутніцтву ў Папскім патрыстычным інстытуце Аўгустыніянум 

Кардынал Сэмерара: мучаніцтва – гэта выраз дасканалай любові

11-13 лістапада 2024 года ў Папскім патрыстычным інстытуце Аўгустыніянум праходзіць канферэнцыя на тэму “Няма большай любові. Пакутніцтва і ахвяраванне жыцця”. У ёй прымае ўдзел каля 400 чалавек. Мерапрыемства, арганізаванае Дыкастэрыяй па справах кананізацыі, завершыцца сустрэчай яго ўдзельнікаў з Францішкам.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Пытанне аб гатоўнасці аддаць жыццё за Хрыста – гэта выклік для кожнага верніка. Аднак асабліва востра яно стаіць перад хрысціянамі тых краін свету, дзе людзі пакутуюць за веру: ад Нігерыі да Пакістана, Нікарагуа, некаторых краін Блізкага Ўсходу і Азіі. Гэтае пытанне, амаль тэарэтычнае для нас, для іншых з’яўляецца вельмі канкрэтным і "суправаджае іх кожны дзень", - адзначыў мадэратар першага дня сімпозіума Алесандра Джызоці, намеснік галоўнага рэдактара Vatican News.

Папа Францішак прыняў рашэнне разглядаць факт ахвяравання жыцця як асобны крытэрый у працэсе кананізацыі і беатыфікацыі (Motu proprio Maiorem hac dilectionem), падкрэсліваючы яго значнасць у сучасным свеце. Падчас Юбілею плануецца правесці ўрачыстую экуменічную цырымонію, прысвечаную новым мучанікам.

У сваім звароце да ўдзельнікаў канферэнцыі кардынал Марчэла Семерара прааналізаваў канцэпцыю пакутніцтва. Ён адзначыў, што мучаніцтва – гэта “выраз дасканалай любові”, што канчатковым крытэрыем яго сапраўднасці з'яўляецца менавіта любоў. Як пісаў святы Аўгусцін, "сапраўдны мучанік – той, у кім узнагароджваецца любоў".

Прэфект Дыкастэрыі па справах кананізацыі падкрэсліў, што канцэпцыя мучаніцтва з часам пашырылася. Ён прывёў у прыклад справу святога Томаса Бекета, які аддаў жыццё не столькі за веру, колькі ў абарону свабоды Касцёла ў канфлікце з палітычнай уладай. Аднак у каталіцкай тэалогіі не кожная смерць, прынятая добраахвотна, можна лічыцца мучаніцтвам. Для гэтага неабходна выразная сувязь з верай і наяўнасць odium fidei (нянавісць да веры) з боку пераследніка, - патлумачыў кардынал Сэмерара.

Як пісаў у 2006 годзе Бэнэдыкт XVI, калі прычына мучаніцтва застаецца нязменнай (гэта вера ў Хрыста), культурны кантэкст і стратэгіі пераследнікаў змяніліся. Сучасныя ганіцелі радзей адкрыта выказваюць варожасць да хрысціянства, прыкрываючы яе іншымі прычынамі, напрыклад, палітычнага або сацыяльнага характару.

Што тычыцца паняцця ахвяравання жыцця, прэфект спаслаўся на тэорыю палярнай апазіцыі тэолага Рамана Гуардзіні, у якой гаворыцца пра суіснаванне розных элементаў, што прадугледжвае адкрытасць. Акрамя таго, як гаворыць Францішак у Maiorem hac dilectionem, ахвяраванне жыцця – гэта ўчынак тых хрысціян, якія, ідучы па шляху Хрыста, свядома і добраахвотна аддалі сваё жыццё дзеля іншых і прытрымліваліся гэтага намеру да самай смерці. Хоць у такім выпадку няма ганіцеля, які дзейнічае з нянавісці да веры, гэты ўчынак лічыцца актам гераічнай любові і прыкладам “сапраўднага, поўнага і ўзорнага пераймання Хрысту”, - адзначыў кардынал Сэмарара.

Канферэнцыя па пакутніцтву ў Папскім патрыстычным інстытуце Аўгустыніянум
Канферэнцыя па пакутніцтву ў Папскім патрыстычным інстытуце Аўгустыніянум

 

12 лістапада 2024, 11:11