Кардынал Луіс Антоніа Тагле Кардынал Луіс Антоніа Тагле 

Кардынал Тагле: у Юбілей глыбей зразумець значэнне любові Езуса

Прапрэфект Дыкастэрыі па евангелізацыі, кардынал Луіс Антоніа Тагле, даў інтэрв'ю ватыканскім СМІ, у якім паразважаў пра энцыкліку Dilexit nos. Ён падкрэсліў, што ўсе важныя дакументы і жэсты пантыфікату Францішка можна лепш зразумець менавіта ў святле любові Езуса.

Марыя Валодзіна - Vatican News

На думку кардынала Тагле, новая энцыкліка Dilexit nos – гэта спроба Святога Айца больш выразна пазначыць хрысталагічную аснову сацыяльных энцыклік Laudato sì на тэму экалогіі і Fratelli tutti, прысвечанай тэме братэрства. “Любоў Езуса, калі мы прымаем яе, дазваляе нам бачыць у іншых людзях братоў і сясцёр (Fratelli tutti) і быць клапатлівымі, сціплымі і адказнымі гаспадарамі нашага агульнага дома (Laudato sì)”, - адзначыў іерарх, падкрэсліваючы, што вучэнне Францішка засноўваецца на веры ў асобу і місію Езуса Хрыста.

Кардынал Тагле распавёў, што адданасць Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса шырока распаўсюджана на Філіпінах. Шматлікія рэлігійныя ордэны носяць назвы ў гонар Найсвяцейшага Сэрца. Яго ўшаноўваюць у дыяцэзіях, парафіях і школах. Кожную першую пятніцу месяца Найсвяцейшае Сэрца Езуса ўшаноўваецца асаблівым чынам у сем’ях. Гэта служыць напамінам пра неабходнасць прасіць Хрыста навяртаць сэрцы, каб яны сталі падобнымі на Ягонае. Філіпінцы і сёння ўсё яшчэ спяваюць афіцыйны гімн Міжнароднага эўхарыстычнага кангрэса, які адбыўся ў Маніле ў 1937 годзе. Гэта гімн Найсвяцейшаму Сэрцу на іспанскай мове.

Новая энцыкліка Францішка звяртае ўвагу на праблему сучаснага чалавецтва: яно страчвае сэрца, становіцца павярхоўным. Кардынал Тагле прапанаваў вернікам чытаць апісанне павярхоўнасці ў Dilexit nos, каб правесці экзамен свайго сумлення. “Усведамленне таго, што я паступова губляю сувязь са сваім унутраным светам і сваім сапраўдным я, з'яўляецца першым крокам да абуджэння нашага сэрца”, - лічыць ён. Іерарх таксама параіў звярнуць увагу на прыклады святых, якія дазволілі любові Езуса перамяніць іх жыццё і служэнне.

Энцыкліка “можа шмат чаму навучыць Касцёл, які хоча быць сінадальным і місіянерскім”, лічыць кардынал Тагле. Удзельнікі Сінода прыйшлі да высновы, што сінадальнасць – гэта, у канчатковым рахунку, узаемаадносіны з Богам, з усімі ахрышчанымі, з Касцёлам, з усім чалавецтвам і тварэннем. Місіянерская сінадальнасць патрабуе адносін "ад сэрца да сэрца" паміж пастырамі і вернікамі, паміж мясцовымі Касцёламі і г. д. Гэта прадугледжвае “ачышчэнне сэрцаў ад прадузятасці ў адносінах да іншых і ад ганарыстасці, накіраванай на самарэкламу, каб быць здольнымі слухаць са спачуваннем”, - сказаў іерарх.

Кардынал Тагле падкрэсліў таксама, што энцыкліка Dilexit nos – каштоўны духоўны і місіянерскі рэсурс для Юбілею 2025 года, які можа падрыхтаваць кожнага з нас да таго, каб стаць пілігрымамі надзеі і дзяліцца з іншымі любоўю Езуса, якая вызваляе ад страху, ганарыстасці, эгаізму, абыякавасці, помсты і адчаю. “Ён любіць нас, таму ў нас ёсць надзея”, - сказаў прапрэфект Дыкастэрыі па евангелізацыі.

05 лістапада 2024, 14:33