Падрыхтоўка да Юбілею: пілігрымам дапамагае валанцёрская служба
Марыя Валодзіна - Vatican News
Праект Romea Strata дзейнічае з мая 2024 года. Ён стаў вынікам супрацоўніцтва Фабрыкі святога Пятра з фондам Homo Viator - San Teobaldo з дыяцэзіі Вічэнцы. У рамках ініцыятывы для пілігрымаў зарэзерваваны асобны маршрут, які дазваляе пазбегнуць доўгіх чэргаў на плошчы святога Пятра. Таксама распрацавана сістэма лічбавага ўліку пілігрымаў, падобная да той, што дзейнічае ў Асізі і Санц’яга-дэ-Кампастэла. Яна дазваляе пілігрымам атрымаць testimonium – афіцыйнае пасведчанне, якое пацвярджае іх духоўнае падарожжа. Толькі з чэрвеня па кастрычнік 2024 года было выдадзена 3700 такіх пасведчанняў. Сертыфікат уяўляе сабой спецыяльны пергамент з выявамі святых Пятра і Паўла. Для яго атрымання неабходна прайсці не менш за 100 кіламетраў.
Пешшу і конна
Штодня, раніцай і ў другой палове дня, валанцёры сустракаюць пілігрымаў ля спецыяльна абсталяванага пункта пры ўваходзе на плошчу святога Пятра. Пілігрымы прыбываюць у асноўным пешшу і на роварах. Ёсць і тыя, хто пераадолеў шлях да ватыканскай базілікі верхам. “Пілігрым міру” іспанец Альберта Кастэла дэ Перэда прыйшоў у Рым пешшу з Іерусаліма, а адна італьянскай пара з горада Піза прыбыла ў маі 2024 года на плошчу святога Пятра на конях.
Новы маршрут: зручнасць і бяспека
Асноўнай навіной Romea Strata стала рэканструкцыя апошняга ўчастка гістарычнага шляху пілігрымаў. Замест Трыумфальнай дарогі (Via Trionfale) ім прапануецца новы, больш бяспечны і маляўнічы маршрут. Пры супрацоўніцтве з Італьянскай чыгункай (Rete Ferroviaria Italiana) і адміністрацыяй Рыма быў адноўлены закінуты ўчастак чыгункі, а таксама тунэль Монтэ Чочы, закрыты каля дзесяці гадоў таму. Адноўлены ўчастак адкрывае перад пілігрымам унікальную панараму горада, якая стварае спрыяльны настрой перад прыбыццём у базіліку святога Пятра.
Спадарожнік па шляху Romea Strata
Неўзабаве будзе прэзентаваны таксама новы даведнік па маршруце Romea Strata – гістарычнаму шляху пілігрымаў, які вядзе ад Тарвізіа (на поўначы Італіі) да Рыма. Спадарожнік створаны ў супрацоўніцтве з выдавецтвам Terre di mezzo. Ён уключае дэталёвую інфармацыю аб 1000-кіламетровым шляху, апісвае яго гістарычныя, культурныя і прыродныя асаблівасці, а таксама дае пілігрымам практычныя парады.
Час духоўнага аднаўлення
Юбілей 2025 года стане асаблівым часам для духоўнага аднаўлення і сустрэчы пілігрымаў з усяго свету. Архіпрэсбітэр ватыканскай базілікі, кардынал Маўра Гамбэці адзначыў важнасць гасціннасці: “Мы рады, што Фонд Homo Viator - San Teobaldo дапамагае нам прымаць пілігрымаў з розных куткоў свету, якія прыбываюць да магілы Апостала Пятра. Такая ўвага і блізкасць дазваляе аказаць ім гасцінны прыём у гэтым унікальным і дарагім для ўсіх вернікаў месцы”.