Дзяржсакратар: спыніць эскалацыю, пакуль не адбылося непапраўнае
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Прадстаўнікоў СМІ цікавіла пазіцыя Апостальскай Сталіцы ў сувязі з ордэрам на арышт Біньяміна Нетаньяху, выдадзенага Міжнародным крымінальным судом. Іерарх заявіў, што Святы Пасад “прыняў да ведама, тое, што адбылося”, дадаўшы: “Нас турбуе і цікавіць найперш тое, каб вайна закончылася як мага хутчэй”.
Каментуючы пагрозу глабальнага канфлікту, агучаную Уладзімірам Пуціным, Дзяржсакратар нагадаў пра заклік Папы “спыніцца, пакуль ёсць час, бо гэта эскалацыя можа прывесці да непрадказальных наступстваў”. “У пэўны момант мы ўжо не зможам кантраляваць магчымае развіццё сітуацыі”, - дадаў бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца, заклікаючы “тых, хто нясе адказнасць, спыніцца, пакуль не адбылося непапраўнае”.
Адказваючы на пытанне пра тое, ці з’яўляецца цяперашні момант найгоршым у канфлікце ва Украіне, кардынал Паралін заўважыў: “Не думаю, што калі-небудзь былі лепшыя моманты”. Ён падкрэсліў, што “бясспрэчна, актуальная сітуацыя і апошнія падзеі выклікаюць вялікую трывогу, бо невядома, да чаго яны могуць прывесці”.
Акрамя заклапочанасці з прычыны магчымай эскалацыі Святы Пасад выказвае сваю блізкасць “змучанай” Украіне, працягваючы працаваць над спрыяннем абмену ваеннапалоннымі і вяртанні ўкраінскіх дзяцей, вывезеных у Расію. Навінаў па гэтых пытаннях Дзяржсакратар не паведаміў, аднак запэўніў у жаданні працягваць намаганні ў гэтым кірунку. “Гэта заўсёды рабілася не толькі дзеля дабра саміх ініцыятыў, але і для таго, каб крыху падрыхтаваць глебу для магчымых перамоў”, - дадаў ён.