Арцыбіскуп Пэнья Пара: тэалогія на службе пошуку сэнсу жыцця
Аляксандр Панчанка - Vatican News
7 лістапада 2024 года ў Рыме прайшло ўрачыстае адкрыццё новай сядзібы Папскай тэалагічнай акадэміі. Установа размясцілася ў гістарычным цэнтры Вечнага горада, у старажытным палацы ў некалькіх кроках ад Пантэона. У цырымоніі браў удзел арцыбіскуп Эдгар Пэнья Пара, Субстытут Дзяржаўнага сакратара па агульных пытаннях.
У інаўгурацыйнай прамове іерарх падкрэсліў неабходнасць зрабіць тэалогію больш блізкай да жыцця звычайных людзей. Паводле яго слоў, тэалогія павінна выходзіць за межы акадэмічных колаў і стаць актуальным адлюстраваннем рэальных жыццёвых выклікаў, з якімі сутыкаюцца людзі па ўсім свеце, асабліва на “экзістэнцыйных перыферыях”.
Арцыбіскуп Пэнья Пара, спаслаўся на новыя статуты Акадэміі, зацверджаныя Папам у Апостальскім лісце Ad theologiam promovendam, адзначаючы, што гэта рэформа ўказвае на неабходнасць абнаўлення тэалогіі ў бок “тэалогіі, якая выходзіць насустрач”: гэта значыць у бок тэалогіі, якая не з’яўляецца толькі тэарэтычнай дысцыплінай, а сапраўдным інструментам духоўнай падтрымкі ў сучасным свеце, дзе яна можа дапамагаць людзям знаходзіць сэнс і мэту жыцця.
Па словах іерарха, новыя статуты таксама прадугледжваюць уключэнне ў дзейнасць Акадэміі большай колькасці свецкіх людзей і спецыялістаў розных галін і з розных краін свету, каб тэалогія стала сапраўднай навукай для ўсіх, а не толькі для вузкага кола экспертаў. Ён адзначыў таксама важнасць развіцця дыялогу з прадстаўнікамі іншых рэлігій.
Намеснік Дзяржаўнага сакратара пажадаў, каб Акадэмія спрыяла ўзнікненню “тэалагічных вячэрнікаў” у розных асяродках грамадства, асабліва на самых забытых перыферыях, напрыклад у пенітэнцыярных установах, каб асэнсаваная вера ператваралася там у тое, чым павінна быць: у любоў, а не ідэалогію ці абстрактны рацыяналізм.