Прэм’ер-міністр Барбадаса з візітам у Ватыкане

Папа прыняў на аўдыенцыі прэм’ер-міністра Рэспублікі Барбадас Мію Амор Мотлі. Дыпламатычныя адносіны паміж Святым Пасадам і гэтай астраўной дзяржавай у Карыбскім моры існуюць з 1979 года.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Пасля сустрэчы з Папам палітык правяла перамовы з Кардыналам-Дзяржсакратаром П’етра Паралінам, якога суправаджаў мансіньёр Міраслаў Вахоўскі, намеснік Сакратара па адносінах з дзяржавамі.

“Падчас шчырых размоў у Дзяржаўным сакратарыяце было выказана задавальненне станам добрых адносін паміж Барбадасам і Святым Пасадам”, - паінфармавала Зала Друку Апостальскай Сталіцы. Бакі абмеркавалі шэраг тэм, па якіх існуе ўзаемная цікавасць, уключаючы клопат пра агульны дом і ўплыў змены клімату, а таксама актуальныя сацыяльна-палітычныя пытанні, якія датычацца Барбадаса і рэгіёну. Сустрэча завяршылася пацвярджэннем узаемнага імкнення да садзейнічання агульнаму дабру народа Барбадаса.

Каталіцкая супольнасць у Барбадасе налічвае каля 12 тысяч вернікаў – гэта ўсяго 4 працэнты насельніцтва. Самай распаўсюджанай на востраве канфесіяй з’яўляецца англіканства, яго вызнаюць каля 67 працэнтаў жыхароў краіны. Прысутнічаюць таксама розныя пяцідзясятніцкія супольнасці, мусульмане і індуісты.
 

14 лістапада 2024, 12:00