Спорт і надзея: Святы Пасад абвясціў фотаконкурс для моладзі
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Конкурс будзе праводзіцца ў рамках Юбілейнага года і адрасаваны моладзі ва ўзросце да 25 гадоў. Яго галоўная тэма: Спорт і надзея. Пераможцы будуць вызначаны таксама ў чатырох падкатэгорыях: Спорт і сям’я, Спорт і экалогія, Спорт і інваліднасць і Спорт і палітыка.
На конкурс могуць быць прадстаўлены здымкі, зробленыя не раней за 2020 год, якія яшчэ ніколі не публікаваліся і не падвяргаліся мадыфікацыі з дапамогай інструментаў штучнага інтэлекту. Удзел бясплатны і адкрыты для ўсіх, уключаючы непрафесіяналаў.
Работы прымаюцца да 30 красавіка 2025 года. Іх можна даслаць на электронны адрас: sportinmotion@dce.va. Больш інфармацыі можна знайсці на сайце Дыкастэрыі па культуры і адукацыі www.dce.va. Там жа можна зарэгістравацца для ўдзелу ў конкурсе.
13 пераможцаў (адзін у катэгорыі Спорт і надзея і па тры ў кожнай з чатырох падкатэгорый), будуць абвешчаны 14 чэрвеня 2025 года, падчас Юбілею спорту. Яны атрымаюць унікальную магчымасць сустрэцца са Святым Айцом і наведаць Ватыканскія музеі. Акрамя таго, іх фотаздымкі будуць апублікаваныя ў ватыканскіх СМІ.
Партнёрамі ініцыятывы з’яўляюцца газета L’Osservatore Romano, Глабальны адукацыйны саюз, Папскі фонд Gravissimum educationis і спартыўны клуб Athletica Vaticana. У склад журы будуць уваходзіць прадстаўнікі гэтых структур, а таксама малады спартыўны фатограф Джавані Дзэнонэ і футбаліст, трэнер, пісьменнік і матывацыйны спікер Артура Марыяні.