Святы Францішак Асізскі Святы Францішак Асізскі  (© Musei Vaticani)

Святы Францішак у Ватыканскіх Музеях: 800-годдзе стыгматаў

У Ватыканскіх Музеях адкрылася абноўленая экспазіцыя, прысвечаная святому Францішку Асізскаму. Цэнтральнае месца займаюць тры сярэднявечныя выявы святога са стыгматамі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Першая зала ватыканскай Пінакатэкі сустракае наведвальнікаў незвычайнай атмасферай сярэднявечнага мастацтва. Куратар выставы Анна Піцамана падкрэслівае асаблівую місію экспазіцыі: "Кожны турыст можа стаць пілігрымам, калі спыніцца і паспрабуе зразумець глыбінны сэнс гэтых выяваў".

Самы стары твор датуецца 1235 годам і паходзіць з майстэрні Джунта Пізана. На ім адлюстраваны чатыры пасмяротныя цуды святога. Побач размешчаны абраз 1262 года пэндзля Маргарытонэ д'Арэца, які найбольш дакладна перадае знешнасць Францішка паводле апісання Тамаша з Чэлана.

Асаблівую цікавасць выклікае фрагмент старажытнай мазаікі з выявай святога Лукі. Гэта частка велізарнай кампазіцыі, якая да 1606 года ўпрыгожвала фасад старой базілікі святога Пятра. Мазаіка была створана ў 1230 годзе па замове папы Грыгорыя IX, які асабіста ведаў святога Францішка і кананізаваў яго праз два гады пасля смерці.

Трэці экспанат – карціна пачатку XIV стагоддзя пэндзля Псеўда Якапіна, якая адлюстроўвае пахаванне святога. Разам з іншымі творамі яна стварае цэласную карціну эпохі, калі прыгажосць знешняя была непарыўна звязана з прыгажосцю духоўнай.

Новая экспазіцыя дазваляе наведвальнікам не проста азнаёміцца з гістарычнымі артэфактамі, але здзейсніць сапраўднае духоўнае падарожжа праз стагоддзі, каб глыбей зразумець постаць святога Францішка і яго ўплыў на развіццё касцельнага мастацтва.
 

02 лістапада 2024, 11:52