Міратворцы ААН у Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга Міратворцы ААН у Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга  (AFP or licensors)

Святы Пасад: падтрымліваць міратворчыя аперацыі ААН

Напады на міратворцаў ставяць пад пагрозу бяспеку тых, хто служыць, і падрываюць намаганні, накіраваныя на павышэнне стабільнасці і абарону ўразлівых груп, - папярэдзіў Пастаянны назіральнік Святога Пасада ў ААН.

Марыя Валодзіна - Vatican News

12 лістапада 2024 года арцыбіскуп Габрыэле Кача выступіў на пасяджэнні Чацвёртага камітэта 79-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН у Нью-Ёрку. Абмяркоўвалася пытанне дзейнасці па падтрымцы міру. (ПОЎНЫ ТЭКСТ)

Прадстаўнік Святога Пасада падкрэсліў важнасць міратворчых аперацый, асабліва ў сучасных умовах “росту геапалітычнага напружання, экалагічных крызісаў і парушэнняў правоў чалавека”. Ён выказаў глыбокую занепакоенасць у сувязі з нядаўнімі нападамі на міратворцаў (у Ліване на фоне канфлікту Ізраіля і Хезбала, рэд.), якія “не толькі ставяць пад пагрозу бяспеку тых, хто служыць, але і падрываюць больш шырокія намаганні, накіраваныя на павышэнне стабільнасці і абарону ўразлівых груп насельніцтва”.

Арцыбіскуп Кача адзначыў, што міратворчыя аперацыі ААН з’яўляюцца сімвалам міжнароднай салідарнасці і намаганняў дзяржаў-членаў, накіраваных на аднаўленне міру ў рэгіёнах, ахопленых канфліктамі. "Дзейнічаючы разам, дзяржавы-члены пракладваюць шлях да стабільных і бяспечных грамадстваў, нясуць супольную адказнасць за абарону самых безабаронных і за садзейнічанне міру, які павінен быць доўгатэрміновым, а не часовым", - зазначыў ён.

Дыпламат заклікаў міжнародную супольнасць узмацніць падтрымку гэтых жыццёва важных аперацый і гарантаваць бяспеку міратворцаў дзеля забеспячэння стабільнасці ва ўсім свеце.

14 лістапада 2024, 11:58