Сядзіба Дыкастэрыі веравучэння Сядзіба Дыкастэрыі веравучэння 

У Ватыкане даследуюць фальшывы містыцызм і духоўныя злоўжыванні

Папа зацвердзіў прапанову кардынала Віктара Мануэля Фернандэса, прэфекта Дыкастэрыі веравучэння, аб стварэнні рабочай групы па пытаннях фальшывага містыцызму і духоўных злоўжыванняў. Гэта адбылося падчас аўдыенцыі, якая прайшла 22 лістапада 2024 года ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

У склад новай даследчай структуры ўвайшлі члены Дыкастэрыі веравучэння і Дыкастэрыі па заканадаўчых тэкстах. Мэтай рабочай групы з’яўляецца больш дакладнае вызначэнне паняццяў “фальшывы містыцызм” і “духоўныя злоўжыванні”.

У адмысловым лісце кардынал Фернандэс патлумачыў, што паняцце “фальшывы містыцызм” згадваецца ў рэгламенце Дыкастэрыі веравучэння ў вельмі канкрэтным кантэксце: пытанняў, якія датычаць духоўнасці і меркаваных звышнатуральных феноменаў, што належаць да кампетэнцыі Дактрынальнай секцыі і ўключаюць у сябе праблемы і паводзіны, звязаныя з дысцыплінай веры, такія яе выпадкі псеўда-містыцызму, меркаваных аб’яўленняў, бачанняў і пасланняў, якім прыпісваецца звышнатуральнае паходжанне.

У гэтым кантэксце “фальшывы містыцызм” адносіцца да “духоўных практык, якія парушаюць гармонію каталіцкага разумення Бога і нашых адносін з Ім”. Кардынал Фернандэс нагадаў, што гэта паняцце выкарыстоўваецца, напрыклад, у энцыкліцы Haurietis Aquas, у якой Папа Пій XII адхіляе як “фальшывы містыцызм” канцэпцыю Бога, прысутную ў янсенісцкай духоўнасці, што не ўлічвае таямніцу Уцелаўлення.

Прэфект Дыкастэрыі веравучэння адзначыў, што ў кананічным праве няма асобнага правапарушэння пад назвай “фальшывы містыцызм”, хоць гэты тэрмін часам выкарыстоўваецца кананістамі ў сувязі з канкрэтнымі выпадкамі злоўжыванняў.

З іншага боку, у новых Нормах па распазнаванні меркаваных аб’яўленняў і іншых звышнатуральных з’яў, Дыкастэрыя веравучэння дакладна вызначае, што “выкарыстанне меркаваных звышнатуральных досведаў або прызнаных містычных элементаў у якасці сродку ці падставы для ажыццяўлення ўлады над людзьмі або для здзяйснення злоўжыванняў павінна разглядацца як асабліва цяжкае маральнае парушэнне”.

Па словах кардынала Фернандэса, гэта дазваляе лічыць апісаную сітуацыю абцяжарваючай акалічнасцю, калі яна спалучаецца з іншымі злачынствамі. Ён дадаў, што праца рабочай групы будзе засяроджанна на акрэсленні злачынства “духоўнага злоўжывання”, каб пазбягаць больш шырокага і шматзначнага паняцця “фальшывага містыцызму”.
 

26 лістапада 2024, 11:33