Амбулаторыя міласэрнасці  ў Торваяніцы Амбулаторыя міласэрнасці ў Торваяніцы 

Медыкі Ватыкана бясплатна лечаць бедных

Каля 40 чалавек атрымалі бясплатную медыцынскую дапамогу ў італьянскай Тарваяніцы ў межах ініцыятывы Дыкастэрыі па міласэрным служэнні напярэдадні Сусветнага дня бедных.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Група медыкаў на чале з папскім элемазінарыем, кардыналам Конрадам Краеўскім наведала парафію Беззаганнага Зачацця ў італьянскім горадзе непадалёк ад Рыма. Бедным і патрабуючым прапанавалі бясплатныя кансультацыі ў межах праекта Амбулаторыя міласэрнасці.

"У асаблівых выпадках мы просім прыехаць на плошчу святога Пятра для больш дэталёвага абследавання", - распавёў Vatican News кардынал Краеўскі, які каардынуе ініцыятыву. Менавіта пад каланадай перад ватыканскай базілікай штодня каля 70 асоб у цяжкай сітуацыі могуць атрымаць медыцынскую дапамогу з ініцыятывы Святога Пасада.

Не першы раз папская дапамога трапляе менавіта ў гэту прыморскую мясцовасць. Супрацоўніцтва з мясцовай парафіяй і патрабуючымі пачалося там у самы суровы час пандэміі каронавіруса, калі многія людзі засталіся без сродкаў да існавання і дапамогі.

Амбулаторыя міласэрнасці дзейнічае ўжо чатыры гады, штомесяц наведваючы новае месца ў Рыме ці навакольных гарадах. "Мы выконваем гэтае служэнне ад імя Святога Айца, людзям вуліцы патрэбная наша прысутнасць", - падкрэсліў кардынал Краеўскі.
 

11 лістапада 2024, 10:12