Ватыканская апостальская бібліятэка Ватыканская апостальская бібліятэка 

Ватыканская бібліятэка: ініцыятывы на карысць новага гуманізму

Пра праекты на карысць новага гуманізму, якія ажыццяўляе Ватыканская апостальская бібліятэка, паведамілі 28 лістапада 2024 года на прэс-канферэнцыі ў Зале Друку Святога Пасада.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У мерапрыемстве прынялі ўдзел архівіст і бібліятэкар Святога Рымскага Касцёла, арцыбіскуп Анджэла Вінчэнца Дзані, а таксама прэфект Апостальскай бібліятэкі і дырэктар Ватыканскай школы бібліятэказнаўства, ксёндз Маўра Мантавані.

Даследчыя праграмы

Арцыбіскуп Дзані падкрэсліў, што Апостальская бібліятэка, адна з найстарэйшых у свеце, нязменна застаецца актыўным цэнтрам культурнай дыпламатыі.

Іерарх звярнуў увагу на праект па вывучэнні старажытных яўрэйскіх рукапісаў, які ажыццяўляцца ў супрацоўніцтве з Лацінаамерыканскай рабінскай семінарыяй, а таксама на шэраг ініцыятыў, такіх як удзел у міжнародным фестывалі ў Іраку, прэзентацыя кнігі, прысвечанай місіянерам-пакутнікам і хрысціянам у Японіі, супрацоўніцтва з дабрачынцамі, такімі як кампанія NTT Data і Фонд Санктуарый культуры (Sanctuary of Culture Foundation).

Канферэнцыі

У лістападзе 2024 года ў Ватыкане прайшоў глабальны форум пад назвай Conservata et Perlecta Aliis Tradere. Бібліятэкі ў дыялогу – Libraries In Dialogue. Прадстаўнікі дваццаці чатырох бібліятэк свету абмеркавалі на ім пытанні новых тэхналогій і культурнай палітыкі бібліятэк. Мерапрыемства завяршылася аўдыенцыяй Папы Францішка і двума канцэртамі ў бібліятэцы і ў Сікстынскай капэле. Былі заключаны пагадненні з такімі партнёрскімі ўстановамі, як Лічбавая бібліятэка караля Хамада у Бахрэйне і Нацыянальная бібліятэка Нарвегіі.

Выставы

Ватыканская бібліятэка актыўна ўдзельнічае ў выставачных мерапрыемствах па ўсім свеце, напрыклад, у Брытанскім музеі ў Лондане, у мастацкім музей Лос-Анджэлеса і ў Шанхайскім музеі. У 2025 годзе плануецца ўдзел у прэстыжных выставах у Венецыі, Вене, Рыме, Фларэнцыі, а таксама ў біенале ісламскага мастацтва ў Джыдзе (Саудаўская Аравія).

Арцыбіскуп Дзані нагадаў таксама пра выставу Кніга і дух, прымеркаваную да 750-годдзя з дня смерці святых Банавентуры і Тамаша Аквінскага. Яна праходзіць у бібліятэцы да 14 снежня 2024 года і дазваляе наведвальнікам убачыць каштоўныя старажытныя кодэксы, аўтографы і дакументы, звязаныя з жыццём і спадчынай гэтых двух светачаў.

Юбілейныя ініцыятывы

Яшчэ адзін праект бібліятэкі – Адкрытыя словы (Parole aperte) – уяўляе сабой серыю сустрэч на ключавыя тэмы Юбілею-2025, якія будуць суправаджацца літаратурнымі і музычнымі выступленнямі.

Дырэктар Апостальскай бібліятэкі, ксёндз Мантавані, паведаміў, што бібліятэка аднавіла ўнікальную манету - пічолу (denarius parvus) 1450 года, якая была знойдзена ля магілы святога Пятра падчас раскопак 1940-1949 гадоў. Манета была выпушчана ў Рыме падчас Юбілею 1450 года, абвешчанага Мікалаем V. Гэты Юбілей вызначыўся надзвычайнай колькасцю пілігрымаў і стаў адной з самых значных рэлігійных падзей сярэднявечча. Манета, на якой змяшчаецца выява святой Веранікі, з’яўляецца сімвалам сціплага, але шчырага ахвяравання аднаго з пілігрымаў.

У 2025 годзе ў Ватыкане адбудзецца маштабная выстава на тэму Кругасветныя падарожжы. На ёй можна будзе пазнаёміцца з падарожжамі італьянскага дыпламата Чэзарэ Помы (1862–1932), у тым ліку з яго калекцыяй газет з розных краін свету, а таксама з гісторыямі двух французскіх журналістаў і шасці жанчын, якія ў адзіночку падарожнічалі вакол свету.

Акрамя таго, Ватыканская бібліятэка прыме ўдзел у сусветнай выставе Expo 2025 у Осаке. Яна прадставіць свой сумесны праект з японскай кампаніяй NTT (Nippon Telegraph and Telephone), якая ўжо распрацоўвала віртуальныя праекты для Святога Пасада, напрыклад, для выставы Expo 2020 у Дубаі.

28 лістапада 2024, 13:53