Ватыканскія музеі: "Душы" Берніні на Юбілейнай выставе
Марыя Валодзіна - Vatican News
Выстава стала магчымай дзякуючы супрацоўніцтву з Пасольствам Іспаніі пры Святым Пасадзе. Яна праходзіць у XVII зале Ватыканскай пінакатэкі і працягнецца да 31 студзеня 2025 года. Выставы мае дабрачынны характар: сродкі ад продажу каталога будуць перададзены пацярпелым ад нядаўніх паводак у Валенсіі.
Душы Берніні: благаслаўлёная і праклятая
У экспазіцыі прадстаўлены дзве юнацкія скульптуры Берніні: Душа благаслаўлёная ў выглядзе жанчыны з прыгожым тварам, звернутым да нябёсаў, і Душа праклятая, якая перадае жах, пакуты і разгубленасць чалавека на парозе пекла. Апошняя ўяўляе сабой аўтапартрэт Берніні, які ён стварыў, гледзячы на сябе ў люстэрку пры святле свечкі: маршчыны на ілбе, растрапаныя валасы, рот, раскрыты ў крыку. Кажуць, што дзеля таго, каб праўдзіва перадаць выраз твару чалавека ў пекле, скульптар глядзеўся ў люстэрка, падпальваючы сябе полымем свечкі, - патлумачыла супрацоўніца Мадрыдскага ўніверсітэта Хелена Перэс Гаярда, якая разам з дырэктарам Ватыканскіх музеяў Барбарай Ятай курыравала выставу.
Вера і мастацтва
Душы былі створаны 20-гадовым Берніні ў 1619 годзе па замове іспанскага святара Пэдра дэ Фуа Мантоі. Яны сведчаць пра бясспрэчны талент мастака, які яскрава праявіўся ўжо ў юнацкія гады і дазволіў яму стаць адным з найвялікшых майстроў барока. Невыпадкова Павел V, першы з васьмі Пантыфікаў, з якімі супрацоўнічаў Берніні, казаў: "Гэты юнак стане Мікеланджела свайго часу".
Берніні валодаў неверагоднай здольнасцю перадаваць моцныя, складаныя эмоцыі. У гісторыі мастацтва мала хто мог так, як ён, адлюстроўваць у мармуры пачуцці чалавека. Яго творчасць прыпадае на эпоху Контррэфармацыі, калі Касцёл імкнуўся ўмацоўваць веру і нагадваць пра духоўныя каштоўнасці. Таму яго шэдэўры – не проста мастацтва, але і заклік да духоўнага ўдасканалення. Яны натхняюць вернікаў на разважанне пра галоўныя пытанні жыцця: смерць, збаўленне, Страшны суд, рай і пекла.
"Берніні меў выдатную здольнасць з сапраўдным майстэрствам увасабляць самыя глыбокія і няўлоўныя рухі чалавечай душы, звяртаючыся да дзіўных ці непрадказальных форм і мадальнасцяў. (…) Ён быў чалавекам, здольным ствараць як вялікія скульптуры, так і драбнюткія аб'екты, ад дзіўных сцэнаграфій да грандыёзных твораў, з якімі сёння атаясамліваецца Рымскі Касцёл", - нагадала дырэктар Ватыканскіх музеяў Барбара Ята.