Яслі з Батлеема ў Ватыкане: голас хрысціян Палесціны
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Яслі, якія палесцінскія мастакі назвалі Ідзі за зоркай, усталяваны ў Зале Паўла VI. Цэнтральнымі фігурамі кампазіцыі з'яўляюцца Марыя і Юзаф, над якімі ўзвышаецца зорка, створаная па ўзоры той, што знаходзіцца на падлозе Базілікі Нараджэння ў Батлееме. Як і арыгінал, зорка ясляў выраблена з перламутру, але большая па памеры.
Куратар мастацкай інсталяцыі Нараджэнне ў Батлееме 2024 Тайсір Хасбун падкрэслівае, што яслі з'яўляюцца голасам усёй супольнасці яго роднага горада. "Гэта спосаб быць прысутнымі, падзяліцца са ўсімі гасцямі Залы Паўла VI, паказаць наша існаванне, нашу прысутнасць, наш удзел", - кажа Хасбун.
Яслі створаны ў супрацоўніцтве з Палесцінскім Прэзідэнцкім камітэтам па касцельных справах, пасольствам Палесціны пры Святым Пасадзе, Цэнтрам Piccirillo ў Батлееме і Універсітэтам Дар Аль-Каліма. Скульптуры выкананы з аліўкавага дрэва – сімвала Палесціны і міру.
Тайсір Хасбун адзначае, што хрысціянская супольнасць Святой Зямлі "была кінута на калені" спачатку пандэміяй COVID-19, а цяпер вайной, якая доўжыцца больш за год. "У 2019 годзе Базіліку Нараджэння наведала больш за два мільёна пілігрымаў. З прычыны COVID мы перажылі поўную блакаду, а потым пачаўся ўзброены канфлікт", - тлумачыць куратар.
Ён дадае, што 70 працэнтаў сем'яў у Батлееме і ваколіцах жывуць з турызму, які цяпер амаль спыніўся. "Таму наша прысутнасць у Ватыкане – гэта спосаб быць пачутымі, сказаць, што нам патрэбна ваша салідарнасць і дапамога", - падкрэслівае Хасбун, спадзеючыся на вяртанне пілігрымаў у Святую Зямлю падчас Юбілейнага 2025 года.