“Калядныя ноты” на Плошчы святога Пятра 24 снежня
Марыя Валодзіна - Vatican News
Вялікі юбілейны канцэрт Калядныя ноты пройдзе на Плошчы святога Пятра пасля заканчэння святочнай Імшы і адкрыцця Святой Брамы. У ім прымуць удзел такія таленавітыя выканаўцы, як Андрэа Бачэлі, Клаўдыё Бальоні і Джавані Алеві. Таксама выступяць хор Юліянскай музычнай капэлы Базілікі святога Пятра і ўкраінская скрыпачка Анастасія Петрышак. Знакаміты танцор Раберта Боле прадставіць харэаграфічную кампазіцыю. Правядзе канцэрт італьянская вядучая Элеанора Даніэле.
Першая святочная падзея Юбілейнага года будзе трансліравацца па італьянскаму тэлебачанню на канале Rai Uno. Прагучаць словы архіпрэсбітэра ватыканскай базілікі, кардынала Маўра Гамбэці, які пазнаёміць гледачоў з гісторыяй і атмасферай старажытнай традыцыі Юбілеяў. Вікарый кустодыі Святой Зямлі, айцец Ібрагім Фалтас, павіншуе вернікаў з Пячоры Нараджэння Хрыстова ў Бэтлееме.
"Божае нараджэнне – гэта ўніверсальнае свята, якое аб'ядноўвае ўсіх у момант разважання, падзякі і надзеі. Сёлета, як ніколі, увесь свет будзе сачыць за ўрачыстым абрадам адкрыцця Святой Брамы ў калядную ноч”, - адзначыў айцец Энца Фартуната, дырэктар па камунікацыі ватыканскай базілікі.
Канцэрт Калядныя ноты стане працягам радасці, якую Папа Францішак дорыць Касцёлу з нагоды адкрыцця Юбілею.