Кардынал П'етра Паралін Кардынал П'етра Паралін 

Кардынал Паралін пра Сірыю: рабіць прагнозы заўчасна

На палях канферэнцыі, прысвечанай дыялогу з ісламам, якая прайшла 10 снежня 2024 года ў Каталіцкім універсітэце Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Мілане, кардынал-дзяржсакратар пракаментаваў сітуацыю ў Сірыі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Я думаю, мы ўсе ўсхваляваны тым, што адбываецца ў Сірыі, і асабліва хуткасцю, з якой развіваліся гэтыя падзеі. Цяжка да канца зразумець, што адбываецца. Уражвае, што рэжым, які здаваўся такім моцным і непахісным, быў цалкам зрынуты ў настолькі кароткі час”, - прызнаўся кардынал Паралін у размове з журналістамі. “Пабачым, якія сцэнарыі адкрыюцца цяпер... Прагназаваць што-небудзь пакуль, напэўна, заўчасна”, - дадаў ён.

Іерарх падкрэсліў, што прагучалі “пэўныя запэўніванні адносна павагі да хрысціянскіх супольнасцей”. “Мы спадзяёмся, што сапраўды можа наступіць будучыня, у якой будуць паважацца ўсе”, - падкрэсліў ён, выказаўшы пажаданне, “каб тыя, хто прыйдзе да ўлады, прыклалі намаганні для стварэння рэжыму, адкрытага і паважлівага да ўсіх”.

Кардынал Паралін адзначыў, што Апостальская Сталіца працягвае сваю дзейнасць у сферы дыялогу і дыпламатыі, хоць і не надзелена “фармальнымі паўнамоцтвамі”. “Мы выкарыстоўваем кожную магчымасць, каб стварыць умовы для пачатку дыялогу і вырашэння канфліктаў – ад спынення агню, вызвалення заложнікаў на Блізкім Усходзе і да аказання гуманітарнай дапамогі”, - сказаў ён, падкрэсліўшы, што гэтыя намаганні датычацца і сітуацыі ва Украіне.

Дзяржсакратар таксама назваў дыялог адным з галоўных прыярытэтаў у сучасным міжнародным кантэксце. “Я лічу, што наша задача заключаецца менавіта ў тым, каб сумеснымі намаганнямі знайсці адказы на шматлікія праблемы і цяжкасці, з якімі сутыкаецца свет. Нам трэба сінергію і вярнуцца да супрацоўніцтва”, - дадаў бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца.
 

10 снежня 2024, 12:38