Святы Пасад рыхтуе міжнародную канферэнцыю для творцаў
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Папскі Грыгарыянскі ўніверсітэт і Папскі ўніверсітэт Святога Крыжа арганізуюць міжнародную канферэнцыю Культавы будынак і творцы. Вынікі і перспектывы, якая пройдзе 13-14 лютага 2025 года.
"Традыцыя – гэта жывая рэчаіснасць, якая ўключае ў сябе прынцып развіцця", - гэтыя словы Папы Бэнэдыкта XVI сталі адным з лейтматываў будучай канферэнцыі.
Сустрэча адбудзецца напярэдадні Юбілею творцаў (15-18 лютага 2025) і пройдзе пад патранатам Дыкастэрыі па евангелізацыі. Яна накіравана на асэнсаванне таго, як заклік да аднаўлення саюза паміж Касцёлам і мастакамі, выказаны святым Янам Паўлам II у Лісце да творцаў (1999), быў успрыняты і рэалізаваны.
"Культавы будынак абраны як найлепшы сінтэз і парадыгма плённасці шматвяковага саюза паміж Касцёлам і творцамі", - падкрэсліваюць арганізатары.
Канферэнцыя мае на мэце прааналізаваць, як архітэктары, мастакі і скульптары адказваюць на выклікі літургічнага мастацтва, а таксама зазірнуць у будучыню сакральнага мастацтва, улічваючы як здаровую традыцыю, так і прагрэс.
У навуковы і арганізацыйны камітэт увайшлі прадстаўнікі Папскіх універсітэтаў, Міністэрства культуры Італіі і Рымскага ўніверсітэта Сапіенца.