Разбурэнні ў Алепа. Ілюстрацыйнае фота Разбурэнні ў Алепа. Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Нунцый у Сірыі: краіна павінна ісці ў кірунку прымірэння і адбудовы

Спадзяваннямі адносна будучыні Сірыі падзяліўся Апостальскі нунцый у гэтай блізкаўсходняй краіне, кардынал Марыё Дзэнары. У інтэрв’ю Vatican News ён нагадаў, што сірыйскі народ вельмі змучаны вайной і беднасцю.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Прадстаўнік Святога Айца падкрэсліў, што далейшы шлях Сірыі будзе цяжкім. “Тыя, хто ўзялі ўладу, абяцалі, што будуць паважаць усіх, што будзе новая Сірыя, і мы спадзяёмся на тое, што яны стрымаюць слова, але бясспрэчна, шлях будзе складаным”, - адзначыў іерарх.

Нунцый расказаў, што ў першыя дні пасля захопу Алепа паўстанцы сустрэліся з біскупамі, запэўніўшы іх у тым, што будуць паважаць розныя рэлігійныя канфесіі, у тым ліку хрысціянскія. “Будзем спадзявацца, што яны выканаюць гэта абяцанне і што мы будзем рухацца ў кірунку прымірэння”, - сказаў ён.

Прадстаўнік Папы таксама выказаў пажаданне, каб у Сірыі магла нармалізавацца эканамічная сітуацыя, бо людзі вельмі змучаныя не толькі баявымі дзеяннямі, але і беднасцю.

“У апошні час, асабліва ў апошнія два гады, адзіным жаданнем моладзі было ўцячы, бо яны не бачылі будучыні ў сваёй краіне. Цяпер мы спадзяёмся, што прыадчыняцца дзверы надзеі, бо дагэтуль надзея толькі памірала ці была ўжо памерлай”, - дадаў кардынал Дзэнары.

Апостальскі нунцый выказаў спадзяванне таксама на тое, што новыя ўлады Сірыі выканаюць свае абяцанні будоўлі новай краіны на дэмакратычным фундаменце. “Я спадзяюся, што міжнародная супольнасць таксама адрэагуе, магчыма, адмяніўшы санкцыі, бо яны з’яўляюцца вялікім цяжарам, асабліва для бедных людзей”, - сказаў дыпламатычны прадстаўнік Святога Айца.
 

09 снежня 2024, 09:43