Францішак і Мікаці: надзея на ўмацаванне міру ў Ліване
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Папа Францішак правёў 13 снежня 2024 года сустрэчу з часовым прэм'ер-міністрам Ліванскай Рэспублікі Наджыбам Мікаці. Пасля гэтага ліванскі палітык размаўляў з кардыналам-дзяржсакратаром П'етра Паралінам і сакратаром па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі, арцыбіскупам Полам Рычардам Галагерам.
Падчас сардэчнай сустрэчы ў Дзяржаўным сакратарыяце была падкрэслена важнасць добрых дыпламатычных адносін паміж Святым Пасадам і Ліванам, а таксама значнасць унёску Каталіцкага Касцёла і хрысціянскай супольнасці ў дабрабыт краіны.
Бакі абмеркавалі сацыяльна-эканамічную сітуацыю ў Краіне кедраў, якая ўскладняецца працяглай адсутнасцю абранага прэзідэнта рэспублікі. Была выказана задаволенасць дасягнутым спыненнем агню на поўдні краіны і надзея на яго далейшае ўмацаванне.
Удзельнікі сустрэчы пацвердзілі спадзяванне на тое, што мірнае суіснаванне розных рэлігій будзе працягваць характарызаваць ідэнтычнасць Лівана і дапаможа падтрымліваць мір на Блізкім Усходзе.