Пошук

2024.12.21 maria e elisabetta

Папскі прапаведнік: Бог робіць вялікія справы ў нашым жыцці

Часам мы паддаёмся спакусе нявер’я ў тое, што вялікія рэчы могуць адбыцца з намі, але кожны з нас, хоць і малы, пакліканы да чагосьці вельмі вялікага: стаць месцам, дзе Божае слова спаўняецца і прыносіць плён, - нагадаў айцец Рабэрта Пазаліні.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Прапаведнік Папскага дома нагадаў у адмысловым відэароліку, што ў апошнюю нядзелю Адвэнту літургія паказвае нам Панну Марыю, якая спявае Магніфікат падчас візіту да сваёй стрыечнай сястры Альжбеты. Яна “толькі што прыняла Божае Звеставанне і дзеліцца радасцю са сваёй сваячкай, якая была бясплоднай, але цяпер таксама знаходзіцца ў цяжарнасці”.

Прапаведнік заўважыў, што радасць Марыі “нараджаецца з усведамлення сябе вельмі малой”. Марыя адчувае сябе малой перад Бога, але не баіцца прыняць Яго вялікае пакліканне. “І галоўнае, як нагадвае нам Пасланне да Габрэяў, Марыя разумее, што Бог, калі гаворыць з намі і ўваходзіць у наша жыццё, не хоча ахвяр, але даў нам цела, каб яно магло прыносіць плён. І таму Яна кажа “так”, - сказаў капуцын.

Чацьвёртае разважанне айца Рабэрта Пазаліні на Адвэнт

“Марыя шчаслівая ад таго, што правільна зразумела сваё жыццё і сваё цела перад позіркам Бога. Таму Яна ідзе да сваёй стрыечнай сястры і дзеліцца з ёй гэтай вялікай радасцю, якую мы спяваем кожны вечар у Літургіі гадзін, у спеве Магніфікат: “Вялікае ўчыніў мне Усемагутны”. Калі Марыя прыходзіць да Альжбеты, Яна чуе гэтыя словы: “Шчаслівая тая, якая паверыла, што споўніцца сказанае Ёй Панам”, - адзначыў законнік.

“Гэта апошняе ўказанне на тое, што мы набліжаемся да Божага Нараджэння. Усе мы – цела, зямля, у якую Бог кладзе зерне Свайго Слова. Часам мы паддаёмся спакусе нявер’я ў тое, што вялікія рэчы могуць адбыцца з намі, але кожны з нас, хоць і малы, пакліканы да чагосьці вельмі вялікага: стаць месцам, дзе Божае слова спаўняецца і прыносіць плён”, - сказаў айцец Пазаліні, дадаючы, што мы можна па-сапраўднаму сустрэць Божае Нараджэнне, запазычыўшы спеў Марыі і аднавіўшы надзею на тое, што Пан чыніць вялікае нават у нашым малым жыцці, якое з’яўляецца вялікім у Яго вачах.
 

21 снежня 2024, 09:12