Спартсмены і бедныя сабраліся за адным сталом у Ватыкане

8 снежня 2024 года ў прытулку для бедных непадалёк ад Плошчы Святога Пятра прайшла незвычайная сустрэча. Спартсмены ватыканскага клуба Athletica Vaticana і жыхары прытулку падзялілі святочную вячэру.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Прытулкам, створаным па ініцыятыве Францішка, апекваюцца Дыкастэрыя па міласэрным служэнні, супольнасць святога Эгідзія і шматлікія валанцёры. Святочнае меню ўключала макароны з соусам песта, запечаную індычку з зялёнай фасоляй, мандарыны і дэсерт.

У вячэры прыняў удзел кардынал-марафонец Жан-Поль Веско, для якога сустрэча стала магчымасцю “падзяліцца дарам” свайго новага прызначэння і адчуць “шмат любові". Спартсмены Athletica Vaticana падарылі гасцям невялікія падарункі – пуловеры.

Папскі элемазінарый, кардынал Конрад Краеўскі падкрэсліў важнасць дапамогі бяздомным, якія жывуць ля каланады Бэрніні. Нягледзячы на магчымасць пайсці ў прытулак, многія вырашаюць заставацца на вуліцы, “каб быць бліжэй да Францішка”. Многія з іх спяць у намётах, якія яны атрымалі ад Апостальскай элемазінарыі. “Мы стараемся дапамагчы ўсім, усе яны жаданыя госці ў нашых структурах,” - сказаў іерарх.

10 снежня 2024, 12:44