Арцыбіскуп Габрыэле Кача, Пастаянны назіральнік Святога Пасада ў ААН Арцыбіскуп Габрыэле Кача, Пастаянны назіральнік Святога Пасада ў ААН 

Святы Пасад: барацьба з беднасцю – маральны імператыў

Скасаванне даўгоў мае вырашальнае значэнне для гарантыі годнасці і росту найбольш уразлівых краін, падкрэсліў Пастаянны назіральнік Святога Пасада ў ААН.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Клімат, скасаванне даўгоў і барацьба з беднасцю - тры прыярытэтныя мэты, якія арцыбіскуп Габрыэле Кача пазначыў у сваёй прамове на пасяджэнні Падрыхтоўчага камітэта IV Канферэнцыі па фінансаванні развіцця. Сустрэча прайшла 6 снежня 2024 года ў Нью-Ёрку .

Канкрэтныя меры

Прынятыя да гэтага часу фінансавыя намаганні на карысць развіцця не паўплывалі на няроўнасць і ўразлівасць, якія яшчэ больш абвастрыліся з-за новых міжнародных крызісаў. Каб садзейнічаць значнаму прагрэсу ў галіне развіцця, неабходна больш канкрэтна размяркоўваць наяўныя фінансавыя рэсурсы. У гэтым сэнсе дзеянні па ахове навакольнага асяроддзя, асабліва ў найменш развітых краінах, астраўных краінах і краінах без выхаду да мора, прызнаюцца стратэгічнымі для будучых фінансавых намаганняў, адзначыў ватыканскі дыпламат.

Скасаванне дзяржаўных даўгоў

Святы Пасад падтрымлівае заклік да правядзення канферэнцыі, прысвечанай тэме скасавання даўгоў краін, якія развіваюцца. Да гэтага заклікае і Папа Францішак у юбілейнай буле Spes non confundit. "Маральны імператыў – падтрымаць годнасць усіх і раскрыць патэнцыял краін, якія трапілі ў заганны круг доўгу", - падкрэсліў іерарх.

Барацьба з беднасцю

Напярэдадні Міжнароднай канферэнцыі па фінансаванні развіцця дэлегацыя Святога Пасада падкрэсліла неабходнасць уключыць ліквідацыю беднасці ў лік прыярытэтных пунктаў парадку дня. "Беднасць – гэта не проста эканамічнае пытанне, яна ўяўляе сабой сур'ёзнае парушэнне чалавечай годнасці, дадзенай Богам, і сур'ёзную перашкоду для ўстойлівага развіцця", - сказаў на заканчэнне арцыбіскуп Кача.

09 снежня 2024, 12:23