Былы распрацоўшчык зброі: мільярды людзей прагнуць міру
Ян Глінскі
Па словах Фантана, хітрасць гандляроў зброяй заключаецца ў тым, каб бясконца працягваць пастаўкі і павялічваць цэны, “інакш фронт падзе”. Ён прызнаўся, што ў адказ на маральныя сумневы адносна сваёй “стабільнай” працы ён заўсёды хутка знаходзіў апраўданні: калі не я, то хтосьці іншы зрабіў бы гэтыя міны.
Па словах італьянскага інжынера, яго мысленне пачало змяняцца пад уплывам пытанняў сваіх жа дзяцей, якія хацелі ведаць, чаму ён выбраў такую працу. Паўплывала таксама грамадская думка, але перш за ўсё размовы з ксяндзом Таніна Бэла. Так Віта Фантана выйшаў з закрытай бурбалкі вытворчасці зброі і ўбачыў мільярды людзей, якія прагнуць мірнага жыцця. Пасля ён пятнаццаць гадоў прысвяціў працы па размініраванні на Балканах.
Віта Фантана патлумачыў, што з ваеннага пункту гледжання мінныя палі не маюць вялікага значэння, бо пры выяўленні першай міны сапёры могуць адкрыць праход для арміі. Аднак міны становяцца сапраўднай праблемай для людзей, якія вяртаюцца ў свае раёны. Як падкрэсліў інжынер, перад светам стаяць два выклікі: “нуль мінаў” і “нуль ахвяр” на замініраваных тэрыторыях. Па яго словах, сёння, дзякуючы развіццю тэхналогій, усе міны ў свеце могуць быць ліквідаваны на працягу дзесяці гадоў. Існуюць аднак пэўныя ўмовы: неабходны сродкі і трывалы мір.
“Вялікая вайна на Усходзе цяпер патрабуе ўстаноўкі мінных палёў, што будзе мець невялікі эфект з ваеннага пункту гледжання, але стане будучай помстай для тых, хто будзе спрабаваць вярнуцца ў свае дамы або імкнуцца заняць пакінутыя ўцекачамі”, – падкрэсліў італьянскі інжынер, а таксама нагадаў, што, паводле апошніх ацэнак, у свеце ўстаноўлена ад 20 да 30 мільёнаў супрацьпяхотных мін. Размініраванне аднаго квадратнага метра зямлі каштуе ўсяго 50 еўрацэнтаў.
Віта Альфіеры Фантана прызнаўся, што ён, чалавек, які вырабляў зброю, узрушаны тым, што цяпер можа гаварыць свету аб міры і прадстаўляць пасланне Папы. “Гэта велізарны вопыт”, – прызнаўся чалавек, які распавёў сваю гісторыю ў кнізе пад назвай Я быў чалавекам вайны. Маё жыццё ад вытворцы зброі да сапёра (Ero l'uomo della guerra. La mia vita da fabricante di armi a sminatore).