Паралін: тэрмінова дзейнічаць, каб абараніць дзяцей ад рызык ШІ
Марыя Валодзіна - Vatican News
У мерапрыемстве, якое праходзіць у Казіне Пія IV у Ватыкане, удзельнічаюць эксперты па абароне дзяцей, лідары IT-кампаній, прадстаўнікі рэлігійных супольнасцей, філантропы, моладзь і людзі, якія пацярпелі ад злоўжыванняў у сферы штучнага інтэлекту. На канферэнцыі таксама прысутнічалі каралева Швецыі Сільвія і прынцэса Мадлен.
Заклік да супрацоўніцтва
Кардынал Паралін звярнуўся да прысутных з заклікам аб'яднаць намаганні і распрацаваць стратэгіі, неабходныя для процідзеяння выклікам, якія ўзнікаюць у выніку хуткага развіцця штучнага інтэлекту. "Вельмі важна, каб урады, IT-кампаніі, педагогі, грамадзянская супольнасць і рэлігійныя інстытуты сумесна працавалі над этычнымі нормамі і сістэмамі кіравання, а таксама над празрыстасцю даных і палітыкай, скіраванай на дзяцей. Неабходна не толькі гарантаваць іх бяспеку, прыватнасць і павагу да іх годнасці, але і абараніць ад магчымай шкоды, якую можа нанесці штучны інтэлект. Гэтак жа важна забяспечыць празрыстасць, адказнасць і справядлівасць, каб зрабіць штучны інтэлект больш карысным для кожнага дзіцяці", - заявіў ён.
Папярэджанне Францішка
Дзяржаўны сакратар нагадаў прамову Папы на саміце G7 у чэрвені 2024 года. Пантыфік тады падкрэсліў, што штучны інтэлект з'яўляецца адначасова "захапляльным і небяспечным" інструментам, які патрабуе ўсебаковай і глыбокай рэфлексіі. "Сістэмы штучнага інтэлекту надзвычай хутка растуць і развіваюцца і могуць глыбока змяніць наша грамадства, асабліва жыццё дзяцей", - сказаў кардынал Паралін.
Тэхналогіі на карысць дабра
Іерарх падкрэсліў адказнасць усяго чалавецтва за тое, каб скіраваць штучны інтэлект на службу дабру і бяспецы кожнага чалавека, асабліва самых уразлівых. Ён згадаў пра дакумент Antiqua et Nova, апублікаваны Святым Пасадам у студзені 2025 года, у якім падкрэсліваецца неабходнасць захавання чалавечай годнасці і сацыяльных адносін у эпоху штучнага інтэлекту.
Сумесныя намаганні і глабальнае супрацоўніцтва
Кардынал Паралін адзначыў, што штучны інтэлект можа прынесці як карысць, так і пагрозу дзецям, уключаючы кібербулінг, парушэнне прыватнасці, залежнасць і рызыку эксплуатацыі. Прыняцце эфектыўных мер не з'яўляецца лёгкай задачай, паколькі штучны інтэлект ставіць перад намі фундаментальныя этычныя і сацыяльныя пытанні. Неабходна шукаць адпаведныя рашэнні, грунтуючыся на канкрэтных кантэкстах і прынцыпе субсідыярнасці, дзе кожны – ад індывідуальных карыстальнікаў і сем'яў да грамадзянскай супольнасці, кампаній, устаноў, урадаў і міжнародных арганізацый – працуе на сваім узроўні для гарантыі таго, каб штучны інтэлект быў накіраваны на агульнае дабро". Ён заклікаў да тэрміновай і калектыўнай дзейнасці, “каб гарантаваць, што гэтая новая тэхналогія будзе служыць, а не пагражаць годнасці і дабрабыту кожнага дзіцяці ў лічбавую эпоху".