Кардынал Пьетра Паралін Кардынал Пьетра Паралін 

Кардынал Дзяржсакратар пра экуменізм св. Мікалая

Постаць св. Мікалая нагадвае, што сапраўдны шлях дыялогу паміж Цэрквамі заўсёды праходзіць праз пакорны пошук дабра і выгады іншага, перакананы кардынал Пьетра Паралін.

6 снежня 2018 г. Дзяржсакратар Яго Святасці Папы наведаў Бары, дзе ўзначаліў Эўхарыстыю з нагоды літургічнага ўспаміна св. Мікалая – нябеснага апекуна мясцовага Касцёла. Менавіта ў гэтым італьянскім горадзе захоўваюцца рэліквіі біскупа Міры.

Спасылаючыся на ліпеньскую сустрэчу Францішка з прадстацелямі Цэркваў з Блізкага Усходу, якая праходзіла ў Бары, іерарх нагадаў, што постаць св. Мікалая мае велізарнае экуменічнае значэнне.

“У Бары прыбываюць шматлікія пілігрымы з усяго свету, таму экуменізм св. Мікалая з’яўляецца не толькі экуменізмам прадстаяцелей Цэркваў, але таксама ўсяго хрысціянскага народу. Было бы цудоўна, каб так было і далей”, - заўважыў высокі ватыканскі іерарх.

“Я думаю мы павінны змяніць погляд на тых, хто адрозніваецца ад нас. Трэба бачыць у іх не пагрозу, як, нажаль, вельмі часта здараецца, але багацце, якое можа нам па-сапраўднаму дапамагчы ўзрастаць і падтрымліваць адзін аднаго”, - дадаў кардынал.

Кіраўнік ватыканскай дыпламатыі пажадаў, каб праз заступніцтва св. Мікалая ўмацоўвалася еднасць, у якой увесь свет мае вялікую патрэбу. “Ён заклікае быць адкрытымі на ўсіх, жыць вымярэннем адкрытасці, паважаючы адметнасці і робячы з іх нагоду для ўзаемнага ўзбагачэння”, - сказаў бліжэйшы супрацоўнік Папы.


 

07 снежня 2018, 13:49