Кардынал Джон Анаекан Кардынал Джон Анаекан  

Іерарх з Нігерыі пасля нападу на храм: дыялог трэба працягваць

Сістэматычная беспакаранасць і няздольнасць урада гарантаваць бяспеку выклікаюць жаль, а шляхам да мірнага суіснавання павінен быць міжрэлігійны дыялог, - заявіў кардынал Джон Анаекан з Нігерыі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У мінулую нядзелю ў мясцовасці Ова, на тэрыторыі паўднёва-заходняга штата Онда, адбыўся напад на каталіцкі храм. У яго выніку, паводле афіцыйных дадзеных, загінуў 21 чалавек.

Кардынал Анаекан перасцярог ад стэрэатыпаў, якія не спрыяюць міру ў грамадстве. Галоўнае – працягваць падтрымліваць добрыя адносіны паміж вызнаўцамі розных рэлігій. “Гэты напад, ва ўрачыстасць Пяцідзясятніцы, стаў асабліва шакавальным. Але мы павінны пазбягаць размоў аб тым, што шалёныя мусульмане нападаюць на католікаў. (...) Напад, вядома, не спрыяе развіццю добрых хрысціянска-мусульманскіх адносін у Нігерыі, але гэта не спыніць нашых намаганняў. Адзіным рашэннем цяпер з'яўляецца аб'яднанне намаганняў паміж хрысціянамі і мусульманамі для сумеснага супрацьстаяння злачынцам”, - адзначыў іерарх.

Ён звярнуў увагу на тое, што грамадскасць не давярае ўраду, які абяцаў правесці расследаванне, паколькі ў папярэдніх такога роду выпадках справа скончылася выключна дэкларацыямі. “Нігерыйскія лідары не ў стане дзейнічаць. Яны сёння думаюць толькі пра перавыбары. Спадзяюся, што будучыя выбары нешта зменяць”, - сказаў кардынал Джон Анаекан.
 

09 чэрвеня 2022, 11:51