Эксперт у пытаннях сям’і: для Папы рэальнасць важнейшая за ідэю
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У інтэрв’ю Vatican News святар пракаментаваў словы Францішка падчас нядаўняй аўдыенцыі для чальцоў Папскага тэалагічнага інстытута навук аб сужэнстве і сям’і імя Яна Паўла ІІ. Пантыфік перасцярог ад ідэалогій, якія пагражаюць сям’і.
Папа зрабіў гэту рэмарку адступаючы ад раней падрыхтаванага тэксту, у якім падводзіў вынікі пяці гадоў абноўленай дзейнасці інстытута. Ён падкрэсліў, што ў асяроддзе Касцёла пракрадаюцца тэорыі, якія тлумачаць або нават ствараюць вобраз сям'і з ідэалагічнага пункту гледжання. Гэта – дэструктыўна. Сям'я ж – гэта мужчына і жанчына, якія любяць адно аднаго і нараджаюць патомства.
Святар, які з’яўляецца віцэ-старшынёй Папскага інстытута, нагадаў, што для Францішка рэальнасць заўсёды важнейшая за ідэю. Гэта адзін з асноўных прынцыпаў яго вучэння, які ён прымяняе таксама да сужэнства і сям'і.
“Святы Айцец выпраўляе часам наіўны падыход Касцёла, душпастыраў ці тэалогіі, калі мы прымаем, што ёсць шмат розных мадэляў сям’і, і наша мадэль таксама існуе сярод іх”, - звярнуў увагу эксперт.
Калі мы згаджаемся на такую “гульню”, на такі падыход, “зводзім хрысціянскую канцэпцыю да адной са шматлікіх альтэрнатыў, які можна выбраць на рынку ідэй”, а гэта, у канчатковым рахунку, ускладняе нам задачу казаць праўду нашым сем'ям. Менавіта таму “Папа хоча, каб мы былі свабоднымі ад гэтага абсалютнага рэлятывізму, які з’яўляецца недапушчальным”, - падкрэсліў ксёндз Марэнга.