Пітэр Чон Сун-Тхэк Пітэр Чон Сун-Тхэк 

Арцыбіскуп Сеульскі: СДМ-2027 стане момантам ласкі для Карэі

Сусветныя дні моладзі, якія пройдуць у Сеуле, стануць другім у гісторыі найбуйнейшым форумам маладых католікаў, які адбудзецца на тэрыторыі азіяцкага кантынента.

Упершыню СДМ праходзіў у Азіі ў 1995 годзе ў сталіцы Філіпін Маніле. Ён стаў рэкордным па колькасці ўдзельнікаў – на заключнай святой Імшы, якую цэлебраваў Ян Павел ІІ, прысутнічалі больш за 4 мільёны маладых пілігрымаў з розных краін свету. Каб дабрацца да алтара Пантыфік карыстаўся верталётам. Праз 32 гады Сусветныя дні моладзі зноў вернуцца на гэты кантынент. Францішак абвясціў, што ў 2027 годзе яны пройдуць у Паўднёвай Карэі – краіне, якая нядаўна прымала каталіцкія Дні азіяцкай моладзі.

“Гэта будзе момант ласкі і нагода, каб даць новы імпульс душпастырству моладзі ў нашым Касцёле”, - сказаў у каментары для Vatican News арцыбіскуп Пітэр Чон Сун-Тхэк, пастыр Сеульскай архідыяцэзіі.

Касцёл у Паўднёвай Карэі мае адну з самых хуткіх дынамік росту ў свеце: за апошнія 20 гадоў колькасць католікаў у гэтай краіне вырасла з 8,3 працэнтаў насельніцтва да 11,1. У той жа час Карэя мае адзін з самых нізкіх у свеце паказчыкаў нараджальнасці – у сярэднім на кожную пару прыходзіцца менш чым адно дзіця.

Таму Сусветныя дні моладзі “могуць стаць выдатнай нагодай, каб сабраць моладзь вакол праекту, у якім яны будуць галоўнымі дзеючымі асобамі”, - сказаў іерарх. Ён перакананы, што форум дасць пачатак працэсу, плёнамі якога будзе важна падзяліцца пасля яго заканчэння. “Гэта будзе місійная нагода, каб падзяліцца каштоўнасцямі Евангелля з нашым грамадствам”, - дадаў арцыбіскуп Пітэр Чон Сун-Тхэк. Пастыр Сеульскай архідыяцэзіі адзначыў важнасць СДМ як магчымасці для сустрэчы католікаў з розных частак свету і ўсведамлення імі сябе членамі аднаго Божага народа, з’яднанымі ў Хрысце.
 

08 жніўня 2023, 10:29