Кардынал П'етра Паралін Кардынал П'етра Паралін 

Дзяржсакратар: нунцый – знак прымірэння і адзінства

Каб быць пераканаўчымі міратворцамі, каб несці прымірэнне, якое дае Бог, каб быць паслом дабра, трэба ў першую чаргу любіць Любоў і бліжняга, як любіў Хрыстус – аж да ўзыходжання на крыж, - заўважыў кардынал П’етра Паралін.

Дзяржсакратар Яго Святасці Папы знаходзіцца з візітам у Анголе, дзе ўдзяліў біскупскае пасвячэнне мансеньёру Жэрману Пенэматэ, прызначанаму Апостальскім нунцыем у Пакістане. Урачыстая літургія прайшла 12 жніўня 2023 года ў Анджыве ў правінцыі Кунэнэ.

Кардынал Паралін у гаміліі падкрэсліў, што быць паслом Святога Айца, паслом Святога Пасаду і паслом Хрыста – гэта гонар і цудоўная місія. Ён заклікаў новага біскупа быць знакам прымірэння і міру паміж народамі і дзяржавамі, знакам адзінства і салідарнасці паміж Цэрквамі, бо менавіта ў гэтым, паводле яго слоў, заключаецца місія прадстаўніка Папы.

У першую чаргу нунцыі з’яўляюцца “знакам глыбокага і канчатковага прымірэння паміж Богам і чалавекам, паміж Стварыцелем і стварэннем, паміж жаданнем праўды, справядлівасці і шчасця, упісаным у душу кожнага чалавека, і пакручастай гісторыяй чалавецтва, з як здабыткамі і трагедыямі, якая знаходзіць сваё поўнае адкупленне і збаўленне толькі ў Аб’яўленні Хрыста Пана”, - сказаў іерарх.

Дзяржсакратар падкрэсліў, што нунцыі з’яўляюцца пасламі “добрых навін для людзей, дапамагаючы ім пазнаць, што яны не асуджаны паўтараць у новых формах старыя трагедыі, што паходзяць ад войнаў і братазабойчых змаганняў”. Наадварот, прымаючы “слова прымірэння, прынесенае Хрыстом, яны закліканы прызнаць сябе братамі і сёстрамі” і як наступства працаваць “для будавання і ўмацавання шляхоў міра, салідарнасці і цывілізацыі”.

Гэта місія нястомнага прасоўвання прымірэння і міру, паўсюль, дзе пануе нязгода і канфлікты, знаходзіць сваё пераканаўчае тлумачэнне і галоўную крыніцу ў Богу, адзінае магчымае акрэсленне якому даў апостал Ян, калі сказаў у сваім першым пасланні: “Бог ёсць любоў”. Кардынал Паралін заўважыў, што быць “людзьмі, якія прасоўваюць мір і прымірэнне, значыць, у канчатковым выніку абвяшчаць Бога-Любоў”, нават калі і няяўна.
 

13 жніўня 2023, 13:29