Кардынал Освальд Грасіяс Кардынал Освальд Грасіяс  

Кардынал Грасіяс: Сінод ідзе ў напрамку інклюзіўнага Касцёла

Быць інклюзіўным і прымаць усіх не азначае змяніць тое, чаму вучыць Евангелле, - напісаў кардынал Освальд Грасіяс у каментары да нядаўна апублікаванага Рабочага дакумента другой сесіі Сінода па сінадальнасці.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

80-гадовы арцыбіскуп Мумбайскі, які ўваходзіць у склад Рады кардыналаў па дапамозе Папу ў кіраванні Касцёлам, звярнуў увагу на тое, што значная частка Дакумента тычыцца ролі жанчын, і гэтае пытанне будзе шырока абмяркоўвацца падчас Сінода.

“Зразумела, што жанчынам трэба адвесці іх належную ролю, у гэтым няма ніякіх сумневаў. Мы абмяркуем, як яны могуць адыгрываць большую ролю ў Касцёле, асабліва ў працэсе прыняцця рашэнняў”, - заявіў іерарх. Ён дадаў пры гэтым, што Касцёл паўсюдны, а сітуацыя ў Індыі, Афрыцы і Еўропе розная. Таму трэба ўлічваць адчувальнасць і душпастырскую спецыфіку.

Кардынал Грасіас адзначыў, што сінадальны шлях – гэта інклюзіўны Касцёл, здольны прыняць усіх. “Асаблівую заклапочанасць Папы выклікаюць людзі з абмежаванымі магчымасцямі, адчужаныя грамадствам, асобы з адрознай сексуальнай арыентацыяй. Мы не адмаўляемся ад іх як ад людзей. Небяспека ў тым, што калі мы зробім заяву, некаторыя могуць вытлумачыць яе так, быццам Касцёл мяняе сваю маральную пазіцыю толькі для таго, каб быць прынятым іншымі. Гэта не так. Касцёл паслядоўны – Евангелле вельмі ясна паказвае, чаго хоча наш Пан. А Папа – гэта чалавек глыбокай веры і малітвы, які вядзе Касцёл у жаданым Панам і Духам Святым кірунку”, - адзначыў кардынал.

Ён патлумачыў, што Рабочы дакумент Сінода – гэта не заява на ўзроўні Настаўніцтва Касцёла, а “правакацыя да роздуму”. Тэмы, уключаныя ў яго, будуць абмяркоўвацца на працягу чатырох тыдняў восені. “Мы прадставім Святому Айцу высновы кожнага: разважанні біскупаў, але таксама свецкіх, манахаў, святароў... Толькі пасля гэтага Папа са сваімі дарадцамі і кансультантамі зробіць свае высновы”, - сказаў іерарх.

На яго думку, Сінод, які “праходзіць вельмі добра”, непасрэдны звязаны з Юбілейным 2025 годам. “Святы Год павінен служыць таму, каб даваць людзям надзею, дзякаваць Богу і планаваць будучыню. Сінод таксама прапануе людзям надзею, план на будучыню і падзяку Богу за ўсё атрыманае дабро”, - напісаў кардынал Грасіяс у сваім каментары да нядаўна апублікаванага Рабочага дакумента другой сесіі Сінода па сінадальнасці.
 

16 ліпеня 2024, 10:47