Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі  (Vatican Media)

Францішак: канкрэтнасць – крытэрый хрысціянства

Бог нарадзіўся ад канкрэтнай жанчыны, пражыў канкрэтнае жыццё, памёр канкрэтнай смерцю і просіць нас з канкрэтнасцю любіць нашых братоў і сясцёр, нагадаў Папа падчас св. Імшы 7 студзеня 2019 г.

У гаміліі Пантыфік спаслаўся на словы з Першага паслання св. Яна: “аб чым ні папросім, адтрымаем ад Яго, бо захоўваем запаведзі Ягоныя і робім тое, што Яму падабаецца” (1 Ян 3,22).

Папа зазначыў, што брама да Бога “адкрыта”, а “ключ” ад яе прапануе апостал: верыць у імя Сына Яго Езуса Хрыста і любіць адзін аднаго. Толькі пры гэтай умове мы можам прасіць Пана аб тым, чаго хочам, дадаў ён.

“Верыць, што Бог, Божы Сын, прайшоў у целе, стаў адным з нас. Гэта вера ў Езуса Хрыста: Бога канкрэтнага, Які быў зачаты ва ўлонні Марыі, нарадзіўся ў Бэтлееме, рос як дзіця, уцякаў у Егіпет, вярнуўся ў Назарэт, навучыўся чытаць з бацькам, працаваў, развіваўся і потым прапаведваў... быў канкрэтным: канкрэтным чалавекам. Чалавекам, які з’яўляецца адначасова і Богам, і чалавекам. Не Богам, які прытварыўся чалавекам. Не! Чалавекам”, - падкрэсліў Папа.

Паводле яго слоў, канкрэтнасць павінна тычыцца не толькі веры ў Бога, але таксама любові да бліжняга.

“[Божыя запаведзі – канкрэтныя і менавіта канкрэтнасць з’яўляецца крытэрыем хрысціянства, а не ідэі і прыгожыя словы. Канкрэтнасць – гэта выклік]”

, - сказаў Пантыфік.

Францішак заклікаў вернікаў да “духоўнай пільнасці”, каб заўсёды “правяраць духаў” і быць гатовымі адкінуць ідэі і прапановы “фальшывых прарокаў”, што тычацца “аблегчанай” версіі Хрыста, без канкрэтнасці і шчырай любові да бліжняга.

Адрозніваць Божыя натхненні ад д’ябальскіх спакусаў дапамагае Божы народ, Касцёл, тыя бліжнія, якія ўмеюць “дапамагаць нам бачыць выразна”. “Таму для хрысціяніна важныя духоўныя размовы з людзьмі, надзеленымі духоўнай уладай. Не абавязкова ісці да Папы ці біскупа, каб спраўдзіць ці з’яўляецца добрым тое, што чую, але ёсць шмат людзей: святароў, законніц, свецкіх вернікаў, якія маюць здольнасць дапамагаць убачыць, што здараецца ў маёй душы, каб не памыліцца”, - заўважыў Святы Айцец.

Напрыканцы гаміліі Пантыфік заклікаў таксама да “касцёльнай дысцыпліны” і “пакоры ў паслухмянасці”, якая павінна выражацца ў канкрэтнай любові да бліжніх, нават да тых, каго цяжка любіць.

Рэпартаж з капліцы папскай рэзідэнцыі



07 студзеня 2019, 12:39
Увесь кантэнт >