Францішак кананізаваў Паўла VI і арцыбіскупа Рамэра
Да хвалы алтара былі ўзнесены таксама два італьянскія святары: кс. Франчэска Спінэлі і кс. Вінчэнца Рамана, нямецкая законніца Марыя Катарына Каспер, іспанская законніца Назарыя Ігнасія Марч Мэсу і малады італьянскі свецкі вернік Нунцыа Сульпрыцыа.
На плошчы св. Пятра сабраліся дзесяткі тысяч вернікаў з розных краін свету.
У гаміліі Пантыфік спаслаўся на евангельскую прыпавесць пра багатага юнака (пар. Мк 10, 17-22). Ён падкрэсліў, што для таго, каб “унаследаваць жыццё вечнае” не дастаткова проста выконваць прадпісанні. Трэба прынесці сябе ў дар, згодна са словамі Хрыста: “Ідзі, прадай усё, што маеш, і раздай убогім... потым прыходзь і ідзі за Мною”.
Паводле Папы, немагчыма па-сапраўднаму наследаваць Езуса, будучы прывязанымі да матэрыяльных рэчаў. У такім выпадку сэрца будзе занята імі і не будзе мець месца для Пана. Прывязанасць да багаццяў “робіць няздольнымі любіць”, а “дзе ў цэнтр ставяцца грошы, там няма месца для Бога і няма месца таксама для чалавека”.
Францішак падкрэсліў, што Езус – радыкальны: Ён дае ўсё і патрабуе ўсяго. Яму нельга адказаць толькі выкананнем пэўнага прадпісання ці ахвяраць толькі частку ўласнага часу.
- сцвердзіў Пантыфік.
Францішак заўважыў, што сэрца чалавека падобна на магніт: яно можа цягнуцца або да Бога, або да багаццяў; можа жыць або любоўю, або дзеля сябе. Важна, аднак, быць здольнымі пакінуць усё дзеля любові Пана: “пакінуць багацці; тугу па ролях і ўладзе; структуры, якія больш не адпавядаюць абвяшчэнню Евангеллю; баласт, які не дае місіі рушыць наперад; путы, якія звязваюць нас са светам”, лічыць Святы Айцец.
“Без кроку наперад у любові наша жыццё і наш Касцёл будуць хворымі на “эгацэнтрычнае самазадавальненне”: мы будзем шукаць радасці ў пэўнай прамінаючай прыемнасці, будзем закрывацца ў бясплоднай балбатне, будзем шукаць камфорту ў манатоннасці хрысціянскага жыцця без запалу, дзе кропля самалюбавання будзе хаваць смутак ад нерэалізаванасці”, - сказаў Папа.
Пантыфік падкрэсліў, што смутак – гэта доказ няспоўненай любові, знак “цёплага” сэрца. Але сэрца, якое скінула з сябе цяжар багаццяў, якое любіць Пана ў свабодзе, выпраменьвае радасць, у якой сёння існуе вялікая патрэба.
“Сёння Езус заклікае нас вярнуцца на крыніцы радасці, якой з’яўляецца сустрэча з Ім, адважнае рашэнне рызыкаваць, каб ісці за Ім, смак адмаўлення ад нечага дзеля прыняцця Ягонага жыцця”, - сказаў Папа і дадаў, што менавіта такім шляхам ішлі шматлікія святыя, у тым ліку Павел VI, арцыбіскуп Оскар Рамэра.