Францішак: Езус – благаслаўленне для ўсёй чалавечай сям’і
“Сёння, у восьмы дзень пасля Божага Нараджэння, святкуем урачыстасць святой Багародзіцы Марыі, – нагадаў Францішак. – Як бэтлеемскія пастухі мы глядзім на Яе і Дзіцятка, якога Яна трымае на руках. І такім чынам, паказваючы нам Езуса, Збаўцу свету, Яна, Маці, нас благаслаўляе. Сёння Маці Божая благаслаўляе нас усіх. Яна благаслаўляе шлях кожнага чалавека ў гэтым годзе, што распачынаецца, і які будзе добрым у той меры, у якой кожны прыме Божую дабрыню, што Езус прыйшоў прынесці свету.
Насамрэч менавіта благаслаўленне Бога напаўняе сэнсам усе віншаванні, якімі абменьваемся ў гэтыя дні. І сёння літургія прыводзіць старажытнейшае благаслаўленне, якім ізраэльскія святары благаслаўлялі народ. Паслухаем уважліва, яно гучыць так: “Няхай благаслаўляе цябе Пан і аберагае цябе! Няхай Пан распраменіць сваё аблічча над табою і адорыць цябе ласкай. Няхай Пан скіруе на цябе свой погляд і адорыць цябе мірам” (Ліч 6,22-27). Гэта старажытнейшае благаслаўленне.
Тройчы святар паўтараў імя Бога, “Пан”, працягваючы рукі над сабраным народам. У Бібліі гэтае імя прадстаўляе тую рэчаіснасць, да якой усклікалі, і таму “накласці імя” Пана на чалавека, сям’ю, супольнасць, азначала даць ёй благаслаўлёную сілу, што паходзіць ад Яго.
У гэтай самай формуле двойчы ўзгадваецца “аблічча”, аблічча Пана. Святар моліцца, каб Бог “распраменіў” і “скіраваў” яго да свайго народа, і такім чынам адарыў яго міласэрнасцю і мірам.
Мы ведаем, што паводле Святога Пісання аблічча Бога недасяжнае для чалавека: ніхто не можа бачыць Бога і застацца жывым. Гэта выражае трансэндэнтнасць Бога, бясконцую веліч Яго хвалы. Але хвала Бога – гэта ўся Любоў, і таму, нават застаючыся недасяжнай – як Сонца, на якое нельга глядзець, – выпраменьвае сваю ласку на кожнае стварэнне і, асабліва, на людзей, у якіх найбольш адлюстроўваецца.
“Калі надышла паўната часу” (Гал 4,4), Бог адкрыўся ў абліччы чалавека, Езуса, “народжанага ад жанчыны”. І тут мы вяртаемся да іконы сённяшняга свята, з чаго мы і распачалі: іконы святой Багародзіцы, якая паказвае нам Сына, Езуса Хрыста, Збаўцу свету. Ён – благаслаўленне для кожнага чалавека і ўсёй чалавечай сям’і. Ён, Езус – крыніца ласкі, міласэрнасці і міра.
Па гэтай прычыне св. Павел VI пажадаў, каб 1 студзеня святкаваўся Сусветны дзень міра. Сёння мы адзначаем яго ў 52-і раз пад дэвізам: “Добрая палітыка стаіць на службе міру”. Не будзем думаць, што палітыка гэта справа толькі для кіраўнікоў дзяржаў. Мы ўсе адказныя за жыццё “гораду”, агульнае дабро; акрамя таго, палітыка з’яўляецца добрай у той меры, у якой выконвае сваю ролю ў служэнні міру. Няхай у гэтым штодзённым заданні нам дапаможа святая Багародзіца.
Я хацеў бы, каб мы ўсе прывіталі Яе зараз, трочы прамовіўшы: “Святая Багародзіца”. Усе разам: “Святая Багародзіца”, “Святая Багародзіца”, “Святая Багародзіцца”.
Пасля марыйнай малітвы Папа прывітаў прысутныя на плошчы св. Пятра групы вернікаў, заклікаўшы іх маліцца ў інтэнцыі міру.