Пантыфік: адкрыць сэрцы на любоў і прабачэнне Бога
Пантыфік нагадаў, што ў чацвёртую нядзелю Вялікага посту літургія заклікае да радасці. Яна нагадвае пра любоў Бога, які “аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае” (Ян 3,16). “Гэта радаснае пасланне з’яўляецца сэрцам хрысціянскай веры: Божая любоў дасягнула вяршыні ў дары Сына чалавецтву, слабому і грэшнаму”, - сказаў Святы Айцец.
Каментуючы начны дыялог паміж Езусам і Нікадэмам, Францішак заўважыў, што апошні чакаў Месію, “атаясамліваючы яго з моцным чалавекам, што будзе судзіць свет з магутнасцю”.
Прыйсце Езуса ў свет ставіць чалавека перад выбарам: той, хто выбера цемру, будзе асуджаны, а хто выбера святло – збаўлены. “Асуджэнне – гэта заўсёды наступства свабоднага выбару кожнага чалавека: той, хто робіць злыя ўчынкі, той шукае цемру, зло, якое заўсёды хаваецца. Той, хто жыве ў праўдзе, гэта значыць чыніць дабро, той выходзіць на святло, асвятляе жыццёвыя шляхі. Чалавек, які ходзіць у святле, які набліжаецца да святла, не можа не рабіць добрыя справы”, - сказаў Пантыфік.
Францішак падкрэсліў, што Вялікі пост ставіць перад вернікамі заданне: “прыняць святло ў наша сумленне, каб адкрыць нашы сэрцы на бязмежную любоў Бога, на Яго міласэрнасць, поўную ласкавасці і дабрыні, на Яго прабачэнне”. Такім “можна знайсці сапраўдную радасць і цешыцца Божым прабачэннем, якое стварае нанова і адарае жыццём”, - сказаў Папа.