Папа Францішак падчас малітвы Уладарка Неба Папа Францішак падчас малітвы Уладарка Неба 

Regina Coeli: хрысціянства – гэта жывыя адносіны з Езусам

Быццё хрысціянамі не азначае, у першую чаргу, пэўную дактрыну ці маральны ідэал, а жывыя адносіны з Богам, - сказаў Пантыфік перад малітвай Уладарка Неба, якую правёў 18 красавіка 2021 г.

Каментуючы евангельскае апавяданне на ІІІ Велікодную нядзелю (Лк 24,35-48), у якім гаворыцца пра аб’яўленне Уваскрослага Езуса ў ерузалемскім вячэрніку, Папа нагадаў словы Хрыста, прамоўленыя напалоханым вучням: “Паглядзіце на Мае рукі і ногі: гэта Я! Дакраніцеся да Мяне”. А затым Езус папрасіў есці і еў перад іх збянтэжанымі позіркамі.

Святы Айцец падкрэсліў, што ў гэтым урыўку ёсць тры вельмі канкрэтныя дзеясловы, якія ў пэўным сэнсе адлюстроўваюць наша асабістае і супольнае жыццё: паглядзець, дакранацца і есці.

Езус сказаў: “Паглядзіце на Мае рукі і ногі”. Паглядзець – значыць не толькі ўбачыць, але нешта большае, што прадугледжвае таксама намер і жаданне. Таму гаворка ідзе пра “адзін з дзеясловаў любові”. “Мама і тата глядзяць на сваё дзіця, закаханыя глядзяць адзін на аднаго; добры лекар уважліва глядзіць на пацыента… Паглядзець – значыць зрабіць першы крок супраць абыякавасці, супраць спакусы адварочвання твару перад абліччам цяжкасцей і пакут іншых”, - патлумачыў Папа.

Пантыфік падкрэсліў, што заклікаючы вучняў дакрануцца да Яго, Езус указвае ім і нам, што “адносіны з Ім і нашымі братамі не могуць быць “на адлегласці”, на ўзроўні позірку”. “Любоў патрабуе не толькі позірку, але і блізкасці, кантакту, дзялення жыццём. Добры самаранін не абмежаваўся позіркам на чалавека, якога знайшоў ледзь жывым на ўскраіне дарогі: ён пахіліўся, перавязаў яго раны, паклаў яго на каня і прывёз у заезд. Таксама і любоў да Езуса, азначае уваход у жыццёвую, канкрэтную еднасць з Ім”, - сказаў Пантыфік.

Трэці дзеяслоў – есці. Ён добра выражае нашу чалавечнасць у яе найбольш натуральнай патрэбе, патрэбе ў харчаванні, неабходным для жыцця. Аднак, спажыванне ежы, калі робім гэта разам, у сям’і ці з сябрамі, становіцца таксама “выразам любові, адзінства, свята…”. Евангелле часта паказвае Езуса ў кантэксце спажывання ежы, таксама Уваскрослага, таму “эўхарыстычная вячэра стала сімвалам хрысціянскай супольнасці”.

“Браты і сёстры, гэты евангельскі ўрывак кажа нам, што Езус не “дух”, а жывая Асоба. Езус, калі набліжаецца да нас, напаўняе нас радасцю, здзіўленнем, якое толькі Бог можа даць. Быццё хрысціянамі не значыць пэўную дактрыну ці маральны ідэал, а жывыя адносіны з Ім, Уваскрослым Панам: мы глядзім на Яго, дакранаемся да Яго, сілкуемся Ім і, перамененыя Яго Любоўю, глядзім, дакранаемся і ўмацоўваем іншых, як браты і сёстры. Няхай Панна Марыя дапаможа нам жыць гэтым досведам ласкі”, - завяршыў сваё разважанне Папа.

Сустрэча на плошчы св. Пятра прайшла пасля пяцітыднёвага перапынку, звязанага з мерамі па супрацьдзеянні распаўсюджванню каронавіруса. Францішак прызнаўся, што яму не хапала сустрэчы з людзьмі.
 

18 красавіка 2021, 13:44

“Уладарка неба” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць у Велікодны перыяд Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >